«Рассяльгаснагляд» скандальна забараніў беларускае малако ў Маскве
Беларускія малако і малочная прадукцыя апынуліся ў цэнтры скандалу ў Маскве. Гэта адбылося падчас міжнароднай выставы «Продэкспо-2020», яка праходзіла ў расійскай сталіцы 10-14 лютага.

Расійская Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе («Рассяльгаснагляд») паведаміла, што на выставе «выяўлена падкантрольная прадукцыя – малако і гатовая малочная прадукцыя агульнай вагой 628 кг, вырабленая шэрагам прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь». Яна паступіла на экспазіцыю «без праходжання ветэрынарнага кантролю на мяжы».
Прадукцыя была забароненая да дэгустацыі і рэалізацыі. І адпаведна знятая з экспанавання. Яе знішчаць.
Пра тое, якія канкрэтна беларускія прадпрыемствы патрапілі пад санкцыі «Рассяльгаснагляду», гэтае ведамства не паведамляе. У любым разе гэта ўдар па іміджы беларускай «малочкі». Зрэшты, у Расіі рэгулярна маюць прэтэнзіі да яе і ўводзяць абмежаванні на пастаўкі.