Расійскі паліттэхнолаг не лічыць магчымым далучэнне Беларусі ваенным шляхам з прычыны «мільёна праблем»
Вядомы расійскі паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі не лічыць магчымым далучэнне Беларусі ваенным шляхам, бо гэта цягне за сабой шматлікія выдаткі, паведамляе БелаПАН.
У праграме «Особое мнение» на радыёстанцыі «Эхо Москвы» Паўлоўскі назваў утопіяй аб’яднанне Расіі і Беларусі ў адну дзяржаву. У той жа час ён зрабіў агаворку: «Гэта ўтопія, але гэта не значыць тое, што не адбудзецца. Як вядома, наш [філосаф] Мікалай Бярдзяеў сказаў, што праблема ўтопій не ў тым, што яны не могуць адбыцца, а ў тым, як бы ім перашкодзіць спраўдзіцца. Вось я думаю, гэта з разраду такіх утопій».
Паводле Паўлоўскага, гаворка ідзе пра дзве ўтопіі – Лукашэнкі і Пуціна.
«Зыходна першым быў Лукашэнка. Яго ўтопія была ў тым, каб садзейнічаць аб'яднанню краін і стаць прэзідэнтам абʼяднанай краіны. Гэта з другой паловы 1990-х. Ён вельмі настойлівы чалавек, і ён за гэта не раз браўся. Калі зʼявіўся Пуцін, ён зразумеў, што гэтае месца занятае, а іншыя яго не задавальняюць. І, адпаведна, ён настойвае, як я думаю, на чымсьці роўным, на прынамсі роўнамагутнай гэтаму пасадзе. А тое, што яму прапаноўваюць, гэта ніяк не роўнамагутна – усе астатнія ідэі з саюзным парламентам, з саюзным урадам і г.д. Ну мы ведаем, што ў нас адбываецца з урадамі і з парламентамі. Таму не атрымалася», – сказаў паліттэхнолаг.
Паводле яго, сіла ўтопій у тым, што яны бываюць вельмі прывабныя і самі сабой мабілізуюць масы. «Напрыклад, калі б пуцінская ўтопія мабілізавала беларусаў, яны захацелі б горача ў гэтую адзіную дзяржаву, Лукашэнка займеў бы ўнутраную нелаяльнасць знізу. Ён гэтага баіцца, і таму ён манеўруе. Але няма гэтай масавай цягі відавочна, хоць сацыялогія беларуская – усё роўна, што расійская, прама скажам... Я высока ацэньваю яе кіравальнасць», – заявіў Паўлоўскі.
«З гэтага боку ўтопія не дзейнічае, а ваенная мадэль тут стварае мільён іншых праблем, – падкрэсліў паліттэхнолаг. – Дапусцiм, яна была б здзяйсняльнай, калі б тут, у Расіі, існавала прагнае імкненне паглынуць Беларусь. Папраўдзе..., як толькі даходзіць да справы, ніхто за гэта не гатовы плаціць тры капейкі. Значыць, мы такія імперыялісты канапавыя, што мы зусім ні самі не збіраемся ісці ваяваць, ні аплочваць гэта».
«Ты яе праглынеш, Беларусь, а хто будзе трымаць? Нацгвардыі не набярэшся», – сказаў Паўлоўскі.
Паводле яго, праблема ў тым, што наогул вельмі цяжка сказаць штосьці пэўнае пра Расійскую Федэрацыю, бо няма «інэртнай, масіўнай, інэрцыйнай асновы як дзяржава». «Проста ёсць вось гэтая такая вёрткая, рухомая Расійская Федэрацыя, такая яшчарка... З гэтым вы не можаце, у адрозненне ад сто гадоў таму чырвонай Расіі, захапіць іншую дзяржаву і ў ёй знайсці апору для захопленага... А хто тут пойдзе за Чырвонай Арміяй? У мяне нейкае сумненне», – падсумаваў Паўлоўскі.
svaboda.org