Сусветны банк панізіў рост эканомікі Беларусі

Тэмпы росту беларускай эканомікі застаюцца нізкімі. Рызыкі для развіцця стварае нягнуткая структура эканомікі, стагнацыя на традыцыйных рынках экспарту і нявызначанасць у дачыненні да кампенсацыі за «падатковы манёўр». Пра гэта гаварылі на прэзентацыі паўгадавога Эканамічнага агляду Сусветнага банка для Беларусі.

mwf_1.jpg

У 2020 годзе прырост ВУП можа скласці 0,9%, ў 2021-м — 0,5%.
На думку Сусветнага банка, перспектывы росту ў бліжэйшыя гады застаюцца слабымі з-за пагаршэння ўмоў гандлю, абмежаваных магчымасцяў па стымуляванні ўнутранага попыту, а таксама перашкодаў структурнага характару, сказаў эканаміст Сусветнага банка ў Беларусі Кірыл Гайдук.
Прагноз грунтуецца на дапушчэнні, што Беларусь не атрымае ў бліжэйшыя гады кампенсацыю за падатковы манёўр ў нафтавай сферы ад Расіі. Раней эксперты Сусветнага банка больш аптымістычна глядзелі на перспектывы беларускай эканомікі і дапускалі рост на ўзроўні 1-2%.
Разам з тым Гайдук адзначыў, што чакаюцца станоўчыя шокі для эканомікі за кошт мер лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу для прыватнага сектара ў 2017-2018 гг.
Кіраўнік прадстаўніцтва СБ у Мінску Алекс Крэмер параіў павышаць канкурэнтаздольнасць, асабліва дзяржпрадпрыемстваў, і тым самым нарошчваць аб’ёмы і геаграфію экспарту.
За студзень-кастрычнік 2019 года ВУП Беларусі вырас на 1,1% да аналагічнага перыяду мінулага года. Па выніках года ўлады прагназавалі прырост на ўзроўні 4%.
Беларуская эканоміка застапарылася пасля красавіцкай гісторыі з «бруднай» расійскай нафтай, з-за чаго ўпаў экспарт паліва. Таксама паўплывала адмена паставак цёмных нафтапрадуктаў з Расіі і зніжэнне экспартных цэн на калійныя ўгнаенні, нафту і нафтапрадукты.
Урад па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі павысіў прагноз росту беларускай эканомікі на 2020 год з 2,5 да 2,8%.
Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Павел Калаур упэўнены ў рэалістычнасці кансерватыўнага прагнозу па росце беларускі эканомікі ў 2020 годзе на ўзроўні 1,9%, які Мінфін заклаў у праект бюджэту на будучы год.
Паводле news.tut.by