84 дні за кратамі. Сукамернікі — пра сужэнцаў, якіх судзяць за «экстрэмісцкія» рэпосты адно аднаму
Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і Сяргея Крупеніча затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. З тых часоў іх ужо шэсць разоў судзілі па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Муж і жонка, нагадаем, перасылалі адзін аднаму паведамленні з тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі. Сукамернікі пары распавялі пра маладых людзей.
Сяргею 26 гадоў, ён, кажа яго былы сукамернік Мацвей (імя зменена), скончыў БДУІР і працаваў android-распрацоўшчыкам.
Анастасія — настаўнік рускай мовы і літаратуры. Яе кантракт з навучальнай установай заканчваўся ў жніўні 2021-га. У гэтым жа месяцы ў яе быў дзень нараджэння. 27-годдзе дзяўчына сустрэла за кратамі.
— Мы пазнаёміліся з Насцяй летам, калі яна адбывала свой першы тэрмін. Яе затрымалі 15 ліпеня, а 16-га пасля суда прывялі да нас у камеру, — вяртаецца да тых падзей Марына (імя зменена), з Настай яны праседзелі два тыдні. — Восенню 2020-га яны з мужам паехалі ў Польшчу, але ім там не спадабалася. Вырашылі вярнуцца, думалі, тут ужо ўсё супакоілася. А ў выніку атрымалася, як атрымалася...
Насця распавядала, што ў ліпені яе выклікалі ў РУУС, чаму — не ведаю. Яна не казала. Яна пайшла туды з тэлефонам. Там паглядзелі яе перапіскі, і сярод паведамленняў мужу знайшлі рэпост з тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі. Сяргея затрымалі на працы ў той жа дзень. І цяпер, мабыць, за кожны рэпост ў іх новыя пратаколы.
Муж і жонка адседзелі па 56 сутак за рэпост адзін аднаму з «экстрэмісцкіх каналаў». І на іх зноў склалі пратаколы
Першы тэрмін дзяўчына правяла на Акрэсціна. Пазней яе перавялі ў Баранавічы. Адсюль яна выйшла 25 жніўня. Марына з іншымі сукамерніцамі ездзілі яе сустракаць.
— Мы пагаварылі хвілін 15. Яна, хоць маленькая, худзенькая, але трымалася выдатна, — апісвае Насту суразмоўца. — У ліпені, у сярэдзіне тэрміну, ёй прынеслі другі пратакол. Ужо тады яна стала разумець: пратаколаў будзе некалькі.
У адрозненне ад жонкі, Сяргей першыя тры тэрміны правёў на Акрэсціна, таму пасля вызвалення дадому яны ехалі не разам.
— З Баранавічаў у кватэру, якую яны з Сяргеем здымалі, Насцю прывезлі бацькі. Мама з дачкой засталіся ў машыне, а тата падняўся. Магчыма, хацеў узяць нейкія рэчы. Там яго сустрэлі два міліцыянты, — працягвае Марына. — Праз нейкі час яны ўтрох выйшлі на вуліцу і падышлі да мамы з дачкой. Сілавікі настойліва папрасілі, каб Насця з Сяргеем заўтра раніцай зноў з'явіліся ў міліцыю. Інакш, папярэдзілі, затрымаюць тату.
На наступную раніцу муж з жонкай пайшлі ў міліцыю, дзе іх зноў арыштавалі.
— Мы з Сяргеем апынуліся ў адной камеры, калі ў яго заканчваўся трэці тэрмін. Вызвалілі яго праз 41 суткі. Памятаю, на развітанне хтосьці з мужчын сказаў яму: «Глядзі не паварочвайся, гэта дрэнная прыкмета». І тут праходзіць гадзін 18, адчыняюцца дзверы — а на парозе Сяргей, — распавядае Мацвей, які сядзеў з Крупенічам у жніўні. — Мы ўсе былі ў шоку. Мне падалося, нават супрацоўнікі Акрэсціна здзівіліся, яго вяртанню. Чаму? Таму што ў камеру ён прыйшоў з торбай з дому, а ў ёй ежа, цукеркі, печыва.
— А як Сяргей адрэагаваў на сітуацыю з чарговым затрыманнем?
— Выглядаў бадзёра і быў ужо падрыхтаваны да сутак: апрануў цёплыя штаны, узяў тры пары шкарпэтак, трое майткоў, — пералічвае Мацвей. — Сяргей распавядаў, калі іх затрымалі першы раз, міліцыянты абмовіліся Насці, маўляў, цяпер каб селі на два месяцы. Ён спадзяваўся, што чацвёрты пратакол будзе апошнім. Але, як бачым, накінулі яшчэ.
Па словах Мацвея, летам, пакуль Настасся была яшчэ на Акрэсціна, іх з мужам камеры знаходзіліся побач. Муж часам мог чуць голас жонкі. А падчас праверак краем вока нават паспяваў яе ўбачыць. Як цяпер ідзе сітуацыя, суразмоўца не ведае. Адзінае, што яму вядома, на пятым судзе ў Анастасіі з'явіўся адвакат.
— Наняць яго Насцевым бацькам дапамаглі сябры. Магчыма, ён не моцна дапаможа на працэсе, але дзякуючы яму мы хоць бы ведаем, што з ёй адбываецца, — слова за Марынай. — Заўтра яна павінна была выйсці пасля пятага тэрміну, але ўчора, аказалася, у яе прайшло чарговае пасяджэнне. Ёй далі яшчэ 13 сутак.
У Сяргея, кажуць былыя сукамернікі, адваката няма. У шосты раз яму таксама прысудзілі 13 сутак. У выніку з моманту першага затрымання пара агулам павінна правесці за кратамі 84 дні.
Паводле «Салідарнасці»