Мужчыну арыштавалі за фота з БЧБ-сцягам, які ён «парваў і спаліў»
У судзе Ленінскага раёна 23 верасня пачалі разглядаць справу 34-гадовага Максіма Шэўчыка па арт. 24.23 КаАП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні 1 жніўня. Фота, на якім Шэўчык трымае ў руках БЧБ-сцяг, знайшлі на яго старонцы ў фэйсбуку, паведамляюць праваабаронцы.
Па словах мужчыны, ён паспрачаўся з сябрамі на тры бутэлькі каньяку «Hennessy», што выкладзе фота з БЧБ-сцягам на два месяцы ў фэйсбуку. Мужчына прызнаў сваю віну і растлумачыў суддзі, што фота зрабіў яшчэ 14 чэрвеня. Максім сцвярджае, што сцяг яму наогул не належаў, бо ён забраў яго ў пратэстоўцаў:
«Сцяг я адабраў у бэчэбэшнікаў, якія праходзілі каля нас з маршам. Ён быў для мяне трафеем, а потым я яго парваў і спаліў. Я фатаграфаваўся там, дзе не было людзей, мы спецыяльна адышлі, каб нас ніхто не бачыў з гэтай парашай, прабачце, з гэтым сцягам».
У выніку суддзя Таццяна Шоцік 23 верасня вырашыла вярнуць справу Шэўчыка на дапрацоўку. Сёння справу разглядала ўжо суддя Юлія Шут. Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.