ААН можа прызнаць палітычныя пераследы ў Беларусі злачынствам супраць чалавечнасці

Савет ААН па правах чалавека 15 сакавіка 2024 года апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У папярэдняй неадрэдагаванай версіі гаворыцца пра тое, што існуюць падставы для прызнання пераследу ў Беларусі злачынствам супраць чалавечнасці.

img_2998_2_logo.jpg.webp

У дакладзе разглядаюцца парушэнні правоў чалавека, інфармацыю пра якія УВКПЧ збірала, абагульняла, захоўвала і аналізавала. Таксама ў ім зробленыя высновы ў адпаведнасці з датычнай міжнародна-прававой базай і прапанаваныя рэкамендацыі ўраду і міжнароднай супольнасці, піша Reform.by.

У дакуменце зафіксаваныя закрыццё НКА, змены заканадаўства, наяўнасць палітвязняў і ўмовы іх зняволення, у тым ліку ў рэжыме інкамунікада, рэпрэсіі супраць СМІ, пазбаўленне ліцэнзій адвакатаў, пашырэнне «экстрэмісцкіх» спісаў, ператрусы, адвольныя арышты, катаванні, смерці падчас пратэстаў і ў зняволенні, вымушаная эміграцыя.

«Органы правапарадку, пачынаючы з 2020 года і працягваючы ў 2023 годзе, ужывалі неапраўданую і несуразмерную сілу па ўсёй Беларусі. Гэтая практыка здзяйснялася беспакарана, з ухвалення і пры падтрымцы вышэйшага кіраўніцтва, і прывяла да сур'ёзных траўмаў у дзясятках выпадкаў і нават адвольнаму пазбаўлення жыцця. Беларускія ўлады не правялі расследавання ні таго, ні іншага і не далі кампенсацыю», — заяўляюць аўтары дакумента.

Паводле ацэнкі УВКПЧ, з 1 траўня 2020 года больш за 5500 чалавек, уключаючы не менш за 55 дзяцей, былі асуджаныя ў крымінальным парадку па палітычна матываваных абвінавачаннях. З 657 апытаных з 2020 года, 29% заявілі аб катаваннях і 61% – аб жорсткім абыходжанні.

Некаторыя ахвяры атрымалі доўгатэрміновыя траўмы, якія нават змянілі іх жыццё. Яны ўключалі ў сябе анеўрызмы, страту слыху, абмежаванне рухомасці ў плечавых, тазасцегнавых і каленных суставах, пераломы костак рук, ног, носа і хрыбетніка, а таксама пашкоджанне нерваў. Наступствы для здароўя, таксама такія, як высокі ціск, хранічныя захворванні нырак, дэпрэсія, посттраўматычныя стрэсавыя засмучэнні (ПТСР), панічныя атакі і праблемы са сном. Большасць ахвяр — мужчыны, у тым ліку адзін чалавек з інваліднасцю.

УВКПЧ выявіла, што арыштаваныя падвяргаліся моцнаму ціску і гвалту, у многіх выпадках раўназначнаму катаванням, падчас першапачатковага допыту і пошуку «доказаў» у 38 выпадках у 2022 годзе і ў 9 выпадках у 2023 годзе. Гвалт адбываўся пасля арышту ў міліцэйскіх машынах і / або падчас допытаў у кабінетах ГУБАЗіК у Мінску і міліцэйскіх участках ва ўсіх абласцях Беларусі.

«У некалькіх выпадках затрыманых прымушалі знаходзіцца ў балючых нязручных позах на працягу доўгага часу, а як мінімум у двух выпадках супрацоўнікі ГУБАЗіК ледзь не задушылі затрыманых, накладваючы ім на твар маску або пакет. Фізічны гвалт суправаджаўся пагрозамі, прымусам і запалохваннем, у тым ліку пагрозамі смерці, гендарна-абумоўленага гвалту, у тым ліку сэксуальнага гвалту, нанясення шкоды членам сям'і ці / і канфіскацыі дзяцей. Допыты доўжыліся гадзінамі і праводзіліся без адваката. УВКПЧ задакументавала, што большасць заяўленых катаванняў адбываліся ў цэнтральным апараце ГУБАЗіК у Мінску», — гаворыцца ў дакуменце.

Глядзіце таксама

Ва УВКПЧ заяўляюць, што ёсць падставы меркаваць, што беларускія сілавікі здзяйснялі згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага і гендарна-абумоўленага гвалту, уключаючы сексуалізаваныя катаванні і прымус да агалення.

Прыводзіцца выпадак, калі ў мінскім СІЗА №1 жанчыне было адмоўлена ў акушэрскай дапамозе, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы і бачнае развіццё яе цяжарнасці.

«Следчыя КДБ спасылаліся на цяжарнасць, каб аказаць на яе ціск, і адправілі яе з пагрозамі смерці ў ізалятар без вентыляцыі. Яна паведаміла, што страціла прытомнасць, і ёй далі лекі, пасля чаго адвялі назад у яе звычайную камеру. У тую ж ноч, на шостым месяцы цяжарнасці і без якой-небудзь медыцынскай дапамогі, яна нарадзіла мёртвага хлопчыка ў сваёй камеры. Ёй адмовілі ў афіцыйным пацвярджэнні цяжарнасці ці мёртванароджаных і пагражалі, каб яна маўчала», — гаворыцца ў дакладзе.

«Ва УВКПЧ ёсць разумныя падставы меркаваць, што было здзейснена злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі, якія могуць быць устаноўлены як вынік апісаных парушэнняў правоў чалавека», — рэзюмуюць аўтары.

Беларускія ўлады зазвычай ігнанруюць даклады УВКПЧ і іх рэкамендацыі. 

Глядзіце таксама