Адпачынак на «тэрыторыі беларускай мовы»
У самым сэрцы старажытнай Літвы паміж Завоссем і Наваградкам, паблізу маляўнічага возера Свіцязь і таямніча схаванай Варуты месціцца тэрыторыя беларускай мовы — вясковая хатка «Ліцьвінаў кут».
Яе гаспадары запрашаюць на адпачынак сапраўдных беларусаў, а таксама тых, хто хоча вывучыць родную мову, навучыцца размаўляць, думаць і пісаць па-беларуску.
Хатку можна арэндаваць. Таксама запрашаюцца адпачываючыя з намётамі. Выгоды пакуль што звычайныя — вясковыя.
«Ліцьвінаў кут» месціцца у Баранавіцкім раёне, вёсцы Мікулічы. Ад яе да возера Свіцязь некалькі кіламетраў.
Даехаць да вёскі можна з аўтавакзалаў Баранавіч і Нагаградка. Фотаздымкі сядзібы можна паглядзець тут.
Гаспадар сядзібы, баранавіцкі прадпрымальнік Віктар Мезяк, з-за сваёй палітычнай пазіцыі калісьці пазбавіўся бізнэсу, і ў родных Баранавічах яго на працу не бралі. Маючы вышэйшую адукацыю, ён падпрацоўваў качагарам у вёсцы.
«Упершыню я стаяў перад выбарам праз некалькі год пасля таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, — успамінае Віктар Мезяк. — Адной з ягоных мэтаў было ліквідаваць унутранае фінансаванне беларускай апазіцыі. Бізнэсоўцам, якія падтрымлівалі дэмакратычны рух, давялося вырашаць: ці ты надалей займаешся бізнэсам, але прыхоўваеш у сабе беларушчыну, ці то жывеш па-ранейшаму, але губляеш месца працы».
Віктар зрабіў выбар на карысць апошняга, але, як бачыце, не разгубіўся, спалучыўшы погляды і занятак.