Аксане Колб прысудзілі 2,5 гады «хіміі». Першыя фота з волі!

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска, сёння, 15 чэрвеня, вынеслі прысуд палітзняволенай рэдактарцы «Новага Часу» Аксане Колб — 2,5 гады абмежавання волі, як і прасіў бок абвінавачання. Аксану вызвалілі ў зале суда.

Аксана Колб ля будынку суда пасля вызвалення з-пад варты

Аксана Колб ля будынку суда пасля вызвалення з-пад варты

Аксана Колб адмовілася ад апошняга слова. Рэдактарку «Новага Часу» абвінавацілі ва ўдзеле ў маршы пратэсту 16 жніўня 2020 года. Доказам “віны” стаў фотаздымак Аксаны з вялізным бел-чырвона-белым сцягам.

Суд над Аксанай распачаўся 7 чэрвеня. Тады пракурор запатрабаваў для палітзняволенай 2,5 гады «хіміі» — абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Тады ж пра кампенсацыю сваёй «шкоды» заявіў Мінсктранс, які выступае з традыцыйным пазовам за «перакрыццё дарог» да амаль усіх удзельнікаў пратэстаў. Пару хвілін знаходжання Аксаны на праезджай частцы дарогі, нібыта, нанеслі Мінсктрансу, які датуецца з бюджэту, шкоду на суму 5980 рублёў 11 капеек.