Актывіст Вітольд Ашурак не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту. Ён затрыманы па крымінальнай справе
Гродзенскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду», сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак сёння не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту, паведамляецца на старонцы Руху ў фэйсбуку.
Актывіст затрыманы ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Вітольд Ашурак адбыў 30 сутак арышту (15+15 запар) у лідскім ЦІП. 13 кастрычніка ён сустрэў за кратамі сваё 50-годдзе.
Актывіст вядомы шэрагам культурніцкіх і палітычных акцый на Гродзеншчыне. У 2017 годзе 7 лістапада Вітольд Ашурак усклаў да помніка Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і прымацаваным да яго надпісам: «Гары ў пекле, кат». У снежні 2019 года ён ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Таксама Вітольд Ашурак патрабаваў завядзення крымінальнай справы за забруджванне ракі Дзітва.