Ускладанне вянка з чарапамі да помніка Леніну міліцыя не палічыла хуліганствам
Вітольд Ашурак атрымаў ліст з міліцыі, што справа аб дробным хуліганстве — ускладанні да помніка Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі — спыненая ў выніку праведзенай праверкі, паведамляе "Радые Свабода"
Вітольд Ашурак 7 лістапада ўсклаў да помніка Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і прымацаваным да яго надпісам: «Гары ў пекле, кат». Паводле Ашурка, вянок праз паўгадзіны знік ад помніка Леніна, але ўвечары да яго завіталі міліцыянты, каб узяць тлумачэнні. Ад тлумачэнняў Ашурак адмовіўся, а міліцыянты ня сталі настойваць і пайшлі.
І вось сёння Ашурак атрымаў пісьмовае паведамленне з міліцыі, у якім гаворыцца, што справа аб дробным хуліганстве ў дачыненні да яго спыненая ў выніку праведзенай праверкі.
«Нарэшце я дажыў да часу, калі заслужанае стаўленне да правадыра бальшавіцкага перавароту стала лічыцца нормай жыцця ў Беларусі, а не хуліганствам. Вось і прыйшоў час, калі і гэты кат нібы апынуўся за калючым дротам ад нас. Разумею, што рашэнне прымалася ня нашымі міліцыянтамі, а недзе наверсе. А наш наступны крок — дамагацца, каб цяпер усіх гэтых Ленінаў папрыбіралі з усяе Беларусі», — зазначыў Вітольд Ашурак.
Ён патлумачыў “Радыё Свабода”, што зрабіў гэта дзеля таго, каб нагадаць пра тыя мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. Вянок актывісты купілі ў краме.
«Палічылі, што кветкі будуць такому кату занадта, то кветкі састрыглі. Прымацавалі выявы чарапоў і надпіс „Гары ў пекле, кат“. Дадалі трохі калючага дроту, каб было маляўніча. Калючы дрот — гэта сімвал бальшавізму», — распавядае Ашурак.
Пакінулі каля помніку і традыцыйныя для такога месца гваздзікі.