«Аповедамі пра тое, што беларуская боегатоўнасць боегатоўней за ўсіх, нікога не супакоіш»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівым яму эпісталярна-іранічным стылі разважае над тым, чаму ў Беларусі пачынаецца нагнятанне ваеннай істэрыі, і каму ад гэтага будзе добра.

original_54.jpg


Беларускія ўлады ўчора зноў умацавалі боегатоўнасць. Вось, здаецца, ужо і ўмацоўваць далей няма куды, але не. Знайшлі. Міністэрства абароны паведаміла, што беларуская армія пачала трэніравацца, каб арганізавана выконваць мерапрыемствы «па пераводу з мірнага на ваенны час».

Вось, здавалася б, калі хочаш выявіць міралюбнасць, каб табе даверылі ўкраінскае збожжа, якое можна памяняць на доступ да балтыйскіх партоў, то варта неяк зменшыць сваю абараназдольнасць. Ну хаця б не распавядаць кожны дзень пра яе ўмацаванне. Таму што міралюбнасць беларускіх уладаў і так мала ў каго выклікае давер. А калі кожны дзень то склікаюць апалчэнне, то пераходзяць на ваенны час, дык у суседзяў узнікаюць законныя асцярогі. Калі раптам хто і хацеў даверыць збожжа, то з такой рэгулярнай боегатоўнасцю, мабыць, што аддасць перавагу ўстрымацца. Раптам са збожжам боегатоўнасць яшчэ больш падвысіцца, чым без збожжа.

Тым больш, што ў практычным сэнсе карысць ад вербальнага павелічэння абараназдольнасці неяк не вельмі відавочная. Хіба што ў сэнсе выключна індывідуальнай псіхатэрапіі. Каб некаму спалося спакайней. А ва ўсіх астатніх сэнсах, здаецца, адна суцэльная шкода. Таму што суседзяў паляўніча-рыбалоўнай брыгадай не напалохаеш.

А вось дадаць трывожнасці ўласным грамадзянам можна наўпрост. Беларускае грамадства апошнія паўтара года і так жыве ў стане пастаяннага стрэсу, які ўлады падтрымліваюць з усіх сіл. Вось вербальныя інтэрвенцыі ў боегатоўнасць пераводзяць гэты стан на новы ўзровень.

Прычым, палохаюць жа больш не тых грамадзян, якія сумнеўнай лаяльнасці. Грамадзяне сумнеўнай лаяльнасці ўжо ў такім стане, што іх боегатоўнасцю не напалохаеш. Іншая справа — сведкі стабільнасці. Яны ж чакаюць ад уладаў стабільнасці, а не бясплатнай раздачы пуцёвак у скандынаўскі рай.

І апавяданнямі пра тое, што беларуская боегатоўнасць боегатоўней за ўсе астатнія, нікога не супакоіш. Таму што кошт сваёй боегатоўнасці сведкі стабільнасці ведаюць лепш, чым беларускі тэлевізар.

Пераклад НЧ