Баранавічы. На добраўпарадкаванне паркаў грошай няма
Так адказала 150 грамадзянам Баранавіч Брэсцкая абласная ўлада на іх пісьмо ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Баранавічы. Парк па вуліцы Камсамольскай
Ужо некалькі гадоў жыхары Баранавічаў накіроўваюць скаргі ў розныя інстанцыі на тое, што ў двух гарадскіх парках няма як адпачываць: яны недабраўпарадкаваныя і не маюць нават прыбіральняў.
Праўда, улады крыху абнадзеілі ў апошнім адказе, што прыбіральня ў адным з паркаў з’явіцца ў канцы траўня. Крыху раней паставілі два дзіцячыя атракцыёны. На гэтым улада, як сведчыць апошні адказ, паставіла крыж: няма сродкаў.
“Такі адказ проста шакуе, - паведамляе арганізатар гэтай кампаніі грамадскі актывіст Рыгор Грык, — калі сапраўды што трэба людзям — заўсёды няма грошай. А куды яны дзяваюцца? Людзі ж працуюць, сплочваюць падаткі, а грошай усё няма і няма. На дажынкі ці лядовыя палацы — калі ласка”.
Пад заявамі наконт добраўпарадкавання паркаў было сабрана агулам 500 подпісаў. А вынік, можна сказаць, нулявы.
spring96.org