Баранавічы: пракурору накіравана скарга на дзеянні супрацоўніка ГАУС

Грамадскі актывіст Віктар Сырыца 8 красавіка накіраваў пракурору горада Баранавічы скаргу на дзеянні супрацоўніка ГАУС маёра Паўла Кульгавіка, які зацягнуў прыняцце рашэння аб заключэнні дамовы на абслугоўванне пікета 25 сакавіка, што паслужыла прычынай ягонай забароны.



milicyjaner.jpg

У скарзе Сырыца паведамляе, што 1 сакавіка 2013 года ён пісьмова звярнуўся да начальніка Баранавіцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў Герасімовіча В.У. і прасіў кіраўніцтва ГАУС заключыць з ім дамову для абслугоўвання ўдзельнікаў пікета 25.03.2013 года.

— 1 сакавіка я заключыў дамову з Баранавіцкім ЖКГ, а 4 сакавіка з Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікай. Спадзяваўся, што і з міліцыяй таксама змагу хутка заключыць дамову па абслугоўванню пікета 25 сакавіка, — паведаміў Віктар Сырыца.

Аднак усе візіты ў ГАУС скончыліся безвынікова, бо маёр Павел Кульгавік цягнуў час і не заключаў пісьмовай дамовы па абслугоўванню пікета 25 сакавіка.

Толькі 26 сакавіка грамадскі актывіст атрымаў пісьмовы адказ намесніка начальніка аддзела А.А.Трафімава, у якім паведамлялася, што паколькі гарвыканкам забараніў 19 сакавіка правядзенне пікета, то і няма падставы для заключэння дамовы па аказанню паслуг па ахове грамадскага парадку падчас пікету 25 сакавіка.

— Я даводжу пракурору, што мне як раз і забаранілі пікет таму, што я не заключыў дамову з ГАУС, як гэта патрабуе рашэнне гарвыканкама ад 16.06.2009 года. Таму прашу правесці пракурорскую праверку і абавязаць маёра Кульгавіка П.С. выконваць рашэнне гарвыканкама ад 16.06.2009 года № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Баранавічах” і закон РБ ад 30.12.1997г. № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”, — адзначыў Віктар Сырыца.

 
spring96.org