БХК накіраваў зварот у ЦВК з просьбай змяніць парадак доступу назіральнікаў на ўчасткі

Зараз рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні і партыі могуць накіроўваць назіральнікаў толькі на пасяджэнні ЦВК, але не на ўчасткі для галасавання або на пасяджэнні акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія з'яўляюцца адным з ключавых механізмаў у арганізацыі выбараў.



376780_293693893997473_1814458543_n.jpg

Згодна са снежаньскай пастановай ЦВК, назіральнікаў накіроўваюць у наступным парадку:

  • палітычныя партыі, іншыя рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні — на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі ;

 

  • абласныя арганізацыйныя структуры палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў — на пасяджэнні абласных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, на ўчасткі для галасавання, размешчаныя на тэрыторыі вобласці;

 

  • раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання) арганізацыйныя структуры палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў — на пасяджэннi адпаведных раённых, гарадскіх, пасялковых, сельскіх тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, на ўчасткі для галасавання, размешчаныя адпаведна на тэрыторыі раёна, горада;

 

  • і гэтак далей ...

Г.зн. пры адсутнасці створаных і зарэгістраваных на месцах арганізацыйных структур, рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні і партыі пазбаўленыя магчымасці арганізаваць назіранне за выбарамі па ўсёй краіне. Але калі для партый наяўнасць арганізацыйных структур з'яўляецца абавязковай, то ў грамадскіх аб'яднанняў — гэта права.

Варта мець на ўвазе, што раней ЦВК дазваляў палітычным партыям і рэспубліканскім грамадскім аб'яднанням накіроўваць назіральнікаў на ўчасткі для галасавання па ўсёй краіне, аднак на гэты раз ён змяніў падыход, пры гэтым незразумелыя матывы такога рашэння.

Праваабаронцы просяць унесці змены ў пастанову Цэнтральнай камісіі і выкарыстоўваць фармулёўку «палітычныя партыі, іншыя рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні — [могуць накіроўваць назіральнікаў] на пасяджэнні ўсіх выбарчых камісій і на ўчасткі для галасавання».

БХК таксама просіць запрасіць прадстаўніка арганізацыі для ўдзелу ў пасяджэнні Цэнтральнай камісіі пры разглядзе дадзенага звароту, паведаміць пра дату і час яго разгляду.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»