Пікет у Брэсце ледзь не скончыўся затрыманнямі

30 студзеня ў Брэсце стартавала кампанія «За сумленныя выбары для лепшага жыцця». На вуліцы 17 верасня каля ЦУМу пачаўся пікет альянсу «Талака». Яго праводзілі прадстаўнікі чатырох структур: Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі левых «Справядлівы свет», арганізацыі «Маладая Беларусь» і прафсаюза РЭП.



brest_liabiedzjka_za_sumliennyja_vybary.jpg

«Удзельнікі альянсу вырашылі не ісці ў лес, дзе, па меркаванні ўлады, павінны праходзіць такія пікеты, а правесці акцыю ў самым людным месцы — у цэнтры, — распавёў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. — І скажу, у мяне абсалютна пазітыўныя эмоцыі. Раздавалі «Голас розуму», які людзі бралі вельмі актыўна. Збіралі подпісы за адстаўку ўраду і адмену аўтапошліны. Нягледзячы на марознае надвор'е і холад, людзі дастаткова нармальна да гэтага адносіліся і ставілі свае подпісы».

Не абмінулі падзею і праваахоўныя органы: ад пачатку пікет здымаў на відэакамеру чалавек у цывільным, а праз паўгадзіны пад’ехалі міліцыянты.

«Іх было сямёра, — працягвае Анатоль Лябедзька. — І першае, што яны зрабілі, паспрабавалі забраць старшыню Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Вуека ў аддзел міліцыі для высвятлення, чаму ў забароненым месцы ладзіцца пікет, хаця фармальна ён і не трапляе пад забарону, якая ўведзена гарадскімі ўладамі. Аднак у апошні момант, відаць, паступіла каманда «не забіраць», і ўсё скончылася тым, што ў Вуека, спікера АГП Дзіяны Касцюковіч, мяне і яшчэ ў некалькіх чалавек перапісалі асабістыя дадзеныя. Што будзе далей — паглядзім. Паколькі дадзеныя перапісаныя, я не выключаю, што могуць быць і пэўныя захады з боку супрацоўнікаў міліцыі ды выбарчай камісіі».

ucpb.org