Беларусі не быць свабоднай, пакуль у галовах — карэктны каланіялізм
Каланіялізм трымае Беларусь за ганебнай заслонай у адным пакоі з гвалтаўнікамі. Але карэктны каланіялізм — гэта ветлівая прывязанасць да ланцугоў, стомленая павага да рускага бізуна, звычка падпарадкоўвацца і асцярожнае нежаданне браць на сябе адказнасць за сябе, краіну — і беларускую культуру.

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Расіі ў Мінску. 11.06.2022. vk.com/embassyruminsk
Каланіялізм…
Адсечаныя рукі цемнаскурых рабоў, што марудна працавалі на караля, цяжар белага чалавека, задушаныя паўстанні, гонар і пыха, сэрца цемры, кніга на заморскай мове. Еўрапейскі каланіялізм.
Скрадзены ўнітаз, запаскуджаныя пакоі, згвалтаваныя дзеці, а на далоні застрэленай кабеты прыгожы манікюр, прысыпаны шэрым попелам спаленых гарадоў. Гэта рускі мір — расійскі каланіялізм, які атакаваў Украіну праз загадзя адшчыкнутую тэрыторыю Беларусі.

Але ёсць яшчэ карэктны каланіялізм — клон расійскага ў еўрапейскім убранні. Ён увесь у белым, ціхі і ветлівы, амаль незаўважны.
Калі новая Канстытуцыя вольнай Беларусі складаецца на рускай мове — гэта карэктны каланіялізм. І калі гэтай мове, з падачы шырокіх мас інтэрнэт-працоўных, ізноў пакланяюцца, як дзяржаўнай — гэта карэктны каланіялізм.
Калі падчас вайны Расіі супраць Украіны, дзе Беларусь памагатая агрэсара, арганізатары беларускай імпрэзы, высунуўшы язык, бегаюць за знакамітасцямі з колішняй метраполіі — гэта карэктны каланіялізм. І калі праваабаронца са стажам папракае беларускую мову за другаснасць, бо ў ёй няма вялікага рускага слова «унитаз» — гэта зусім ужо карэктны каланіялізм.
Калі адукацыйны офіс на выгнанні ўпарта ведае толькі адну мову (здагадайцеся, якую), хаця і не забывае пра гендарна-карэктныя падкрэсліванні — гэта таксама каланіялізм. І калі па арышце беларускіх выдаўцоў, кніжнікаў дый рэдактараў, вусны месціча на аўтамаце ўсё паўтараюць «поэт Пушкин» — гэта крэда веры карэктнага каланіялізму.
Расійскі каланіялізм страляе ва ўкраінцаў і катуе беларусаў, збіваючы ў кроў адно за родную мову, а карэктныя каланізатар_кі заліваюцца слязьмі, абы толькі пасля гэтага не адбылося самага страшнага: «Кансэл Калчы русской культуры».

Каланіялізм трымае Беларусь за ганебнай заслонай у адным пакоі з гвалтаўнікамі. Але карэктны каланіялізм — гэта ветлівая прывязанасць да ланцугоў, стомленая павага да рускага бізуна, звычка падпарадкоўвацца і асцярожнае нежаданне браць на сябе адказнасць за сябе, краіну — і беларускую культуру.
Няма сумневаў, што расійскі каланіялізм будзе разбіты.
Але пакуль карэктны каланіялізм у галаве — не быць Беларусі свабоднай.