Беларускі футбаліст ЦСКА адмовіўся прыязджаць на радзіму пры рэжыме Лукашэнкі
Форвард ЦСКА Ілля Шкурын адправіў ліст у Беларускую федэрацыю футбола (БФФ), у якім паведаміў пра нежаданне выступаць за зборную роднай краіны пры цяперашнім палітычным рэжыме.
Як распавёў Tut.by кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў, гулец даслаў у Федэрацыю ліст на беларускай мове, у якой не толькі адмовіўся выступаць за каманду, але і прыязджаць у краіну пры Аляксандры Лукашэнку.
Ілля Шкурын стаў футбалістам ЦСКА ў студзені гэтага года. Ён з'яўляецца выхаванцам «Віцебска», у чэмпіянаце Беларусі дэбютаваў у ліпені 2017 года. Сезон 2019 года форвард правёў у менскім клубе «Энергетык-БДУ» і з 19 забітымі галамі стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату краіны.
У верасні нацыянальнай зборнай Беларусі трэба будзе правесці два матчы ў Лізе нацый: 4 верасня каманда згуляе дома з Албаніяй, а 7 верасня — на выездзе з Казахстанам. Ад удзелу ў гэтых матчах Шкурын ужо адмовіўся.