Беларусы будуць па-новаму плаціць за прыборку пад'езда і тэхабслугоўванне ліфта
З 1 верасня беларусы будуць аплачваць некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі па новай схеме: па тарыфах не на аднаго жыхара ў кватэры, а зыходзячы з агульнай плошчы жылля. Расказваем, пра якія ЖКП ідзе гаворка.
Як плацім за ЖКП зараз
Зараз плата за тэхабслугоўванне ліфта, прыборку пад'ездаў і іншых дапаможных памяшканняў жылога дома і электрычнасць на асвятленне і працу абсталявання ў такіх памяшканнях (акрамя ліфта) налічваецца па колькасці зарэгістраваных у кватэры чалавек.
З 1 студзеня тарыфы на гэтыя ЖКП перагледзелі, з чэрвеня некаторыя з іх зноў маюць намер перагледзець, прычым асобныя — у бок змяншэння. Да прыкладу, гранічна дапушчальны тарыф на тэхабслугоўванне ліфта з 1 студзеня — 1,5 рубля, а з 1 чэрвеня стане 1,43 рубля.
Што зменіцца з верасня
А з 1 верасня налічваць плату за тэхабслугоўванне ліфта маюць намер зыходзячы з агульнай плошчы кватэры. Гэта прадугледжана ўказам «аб устанаўленні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2021 год». Тарыф стане, як плануецца, 0,0584 рубля за адзін квадратны метр. То бок, чым больш плошча кватэры, тым больш прыйдзецца заплаціць за тэхабслугоўванне ліфта.
З 1 верасня таксама па новай схеме будуць налічваць плату за санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома (прыборку пад'ездаў), а таксама за электраэнергію, якую выдаткавалі на асвятленне дапаможных памяшканняў і працу абсталявання (акрамя ліфта). За гэтыя паслугі, як і за тэхабслугоўванне ліфта, будуць спаганяць аплату зыходзячы з агульнай плошчы кватэры, а не па колькасці зарэгістраваных у кватэры чалавек, як цяпер.
Нагадаем, што да 23 сакавіка 2016 года гэтыя паслугі аплачваліся ў залежнасці ад агульнай плошчы кватэр.
Паводле tut.by