Брэст. У выбарчых камісіях — 2% ад палітычных партый

Прадстаўнікі ад палітычных партый складаюць крыху больш за 2% ад колькасці вылучаных у склад участковых камісій у Брэсцкай вобласці

e21014e45af9475e96266d318e4820d3.jpg


Усяго ў рэгіёне да парламенцкіх выбараў утвораны 928 участкаў для галасавання, а ў склад гэтых выбаркамаў вылучаны 10 483 асобы, з якіх 217 чалавек — ад палітычных партый.

Паводле дадзеных абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, з партыйных вылучэнцаў 106 прадстаўляюць Камуністычную партыю Беларусі, 50 — Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, 24 — Беларускую партыю левых “Справядлівы свет”, 20 — Аб'яднаную грамадзянскую партыю, 11 — Партыю БНФ і 6 — Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада).

Самая вялікая колькасць вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі ў Брэсцкай вобласці — ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1 579 чалавек). Рэгіянальныя структуры РГА “Белая Русь” прапанавалі 690 сваіх кандыдатур у выбаркамы, БРСМ — 644, Беларускі саюз жанчын — 694, ветэранскія арганізацыі — 431. У выніку вылучэнцы ад праўладных грамадскіх аб'яднанняў складаюць больш за 45% ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў у сябры ўчастковых выбарчых камісій.

Акрамя таго, ад грамадзян шляхам падачы адпаведных заяў у мясцовыя выканкамы ў склады камісій вылучаны 4 116 чалавек (39,3% ад агульнай колькасці), ад працоўных калектываў — 1 630 чалавек (15,5%).

Участковыя выбарчыя камісіі мусяць быць утвораны да 28 ліпеня. У прыватнасці, у Брэсце адпаведныя пасяджэнні ў адміністрацыях Ленінскага і Маскоўскага раёнаў горада наконт стварэння выбаркамаў запланаваны на 26 ліпеня.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”