Пікеты правацэнтрыстаў: нават аматары СССР клянуць дзеючую ўладу
У Рагачове і Гомелі 25 ліпеня адбыліся пікеты і сустрэчы лідараў і прамоўцаў Правацэнтрысцкай кааліцыі (БХД, АГП, Рух «За Свабоду») — Віталя Рымашэўскага, Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Шарыпава, Дзяніса Дашкевіча і іншых — з мясцовымі жыхарамі.
“Людзі пазнаюць лідараў апазіцыі нават у такіх маленькіх гарадах, як Рагачоў. Усе яны незадаволеныя ўладай. Нават тыя, хто не падтрымлівае дэмакратыю, супраць арыентацыі на ЕС і настальгуе па СССР. Лукашэнка страціў нават давер свайго базавага электарату. Нават гэтыя людзі сёння клянуць дзеючую ўладу”, — распавёў bchd.info сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
Ён адзначыў, што яго вельмі ўсцешыла тое, што людзі ведаюць мясцовых лідараў апазіцыі, у прыватнасці, прамоўцу БХД і журналіста з Рагачова Дзяніса Дашкевіча. “Падчас пікетаў людзі самі падыходзілі на нацыянальную сімволіку. Самае станоўчае — гэта тое, што на кожнай сустрэчы людзі не толькі ставяць подпісы ў падтрымку нашых прамоўцаў, але і далучаюцца да назірання і нават запісваюцца ў БХД. Абавязкова за 30–40 хвілін 1–2 чалавекі згаджаюцца прыйсці на нашы сустрэчы і далучыцца да працы. Краіна мяняецца”, — дадаў палітык.
26 ліпеня Віталь Рымашэўскі наведвае Мазыр і Лельчыцы, дзе балатуецца прамоўца БХД Мікалай Чэчка.
bchd.info