Брэст. ІП накіравалі мясцовым уладам заяву аб немагчымасці рэалізаваць права на мірны сход

Старшыня савета індывідуальных прадпрымальнікаў гандлёвага прадпрыемства “Варшаўскі рынак” Андрэй Карняйчук паведаміў, што такі дакумент накіраваны старшыням Брэсцкага аблвыканкама, гарвыканкама, а таксама абласнога і гарадскога саветаў дэпутатаў.



svab_shod.jpg

Фота з сайта spring96.org

Паводле яго слоў, у заяве гаворыцца, што 3 лютага на рабочай сустрэчы ІП Брэста было прынята рашэнне аб правядзенні ў горадзе 19 лютага мітынгу ва ўстаноўленым для такіх мерапрыемстваў гарвыканкамам месцы. Акцыю планавалася правесці з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў прадпрымальнікаў.

Брэсцкі гарвыканкам забараніў мітынг на падставе таго, што да заявы не былі прыкладзены дамовы з гарадской бальніцай хуткай медыцынскай дапамогі (пра медыцынскае абслугоўванне падчас мерапрыемства) і з прадпрыемствам “Камунальнік” (аб забеспячэнні ўборкі тэрыторыі пасля правядзення мітынгу).

17 лютага на рабочай сустрэчы ІП Брэста было прынята рашэнне аб правядзенні мітынгу 4 сакавіка. У гэты ж дзень пададзеная заява ў Брэсцкую гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі для заключэння дагавора аб медыцынскім абслугоўванні падчас мітынгу. Аднак там адмовіліся ад дамовы паводле вось якой прычыны: “На дадзены момант немагчыма накіраваць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі для абслугоўвання масавага мерапрыемства, якое запланавана на 4 сакавіка 2016 года, у сувязі з павышэннем сезоннага захворвання і павялічэннем абслугоўваемых выклікаў”.

На падставе гэтых фактаў мы просім кіраўнікоў вобласці і горада асабіста адказаць на пытанне: няўжо мы, грамадзяне Беларусі, падаткаплацельшчыкі, якія працаўладкавалі сябе, а некаторыя таксама і іншых асоб, не можам за аплату атрымаць адзін аўтамабіль хуткай медыцынскім дапамогі з кіроўцам і медыцынскім персаналам на два гадзіны, каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права?” — заявіў Карняйчук.

spring96.org