Бузоўскі: «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг — наша культурная спадчына

Такую заяву ў гутарцы з карэспандэнтам «Нашай Нівы» зрабіў былы галоўны ідэолаг краіны, а цяпер кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Бузоўскі. Размова адбылася пасля адкрыцця арт-аб’ектаў на плошчы Свабоды.

0612_hdz_sluck_slupy_minsk_03_2wo8w.jpg

Мы звярнулі ўвагу, што на адкрыццё тых слупоў запрасілі Адама Глобуса і дызайнера Уладзіміра Цэслера. Ці азначае гэта паглыбленне дыялогу з грамадзянскай супольнасцю? Апроч іншага мы пагутарылі і пра іншыя пытанні. Вось што казаў чыноўнік.

Пра дыялог з грамадзянскай супольнасцю

«Я не скажу, што гэта нейкая выбуховая хваля, — мяркуе Ігар Бузоўскі. — Ён быў заўсёды, іншая справа, што грамадзянскія рухі могуць быць канструктыўныя і дэструктыўныя. Вось з другімі дыялог у нас не атрымаецца — гэта ўжо маналог. А там, дзе ёсць супольныя мэты, супольныя ідэі, задачы — заўсёды мы гатовыя гаварыць. Ад гістарычных, культурных інцыятыў, якія сыходзяць ад сапраўдных знаўцаў, мы ніколі не адмаўляліся».

Пра супрацоўніцтва з умоўным Змітром Дашкевічам Бузоўскі сказаў, што не па ўсіх пазіцыях мэты і задачы дзяржавы супадаюць з аналагічнымі ў «Маладога фронту».

Пра чыноўнікаў і беларускую мову

Калі дзяржаўныя служачыя загавораць па-беларуску?

«Наконт беларускай мовы такой пазіцыі трымаюся: па-першае, я сам вырас у вёсцы, доўгі час я прынцыпова размаўляў на ёй, але гэта была больш трасянка. Калі гаворка пра афіцыёз, пра людзей, якія ўвасабляюць уладу, то непрыгожа, калі чалавек выказваецца непісьменна. Гэта абраза для мовы і культуры. Калі ж я прыязджаю ў вёску, я заўсёды гавару па-беларуску, — адказвае Бузоўскі. — Калі ж вы разважаеце пра нейкія сацыяльныя і палітычныя падзеі, то гэта ўжо глыбіннае мысленне. Такія рэчы не могуць быць абдуманыя і перакладзеныя паралельна. Сёння мы перайшлі на рускую мову, яна фактычна стала асноўная. І вы ж хочаце пачуць думкі чыноўніка, а калі ён будзе засяроджвацца на правільнасці перакладу… Вы атрымаеце не той вынік, які хочаце пачуць».

Пра беларускамоўную адукацыю

Ёсць шэраг выпадкаў, заўважылі мы, — скажам, у касіраў у «Еўраопце» ці заправак А-100, якія часам і вышэйшай адукацыі не маюць, атрымліваецца ладна гаварыць па-беларуску. Дык што, нашы разумныя чыноўнікі не дадуць рады вывучыць мову?

«Тут галоўны — асабісты складнік, — перакананы Бузоўскі. — Трэба рабіць усё, каб мова жыла на побытавым узроўні. Нельга яе саромецца. Што трэба рабіць? Найперш, гэта школа. Па-другое, тое, што сёння ўжо робіцца, пачынаючы з экскурсій і нават аздабленне вуліц. Тыя ж касы па-беларуску… Гэта будзе жыць пры патрэбе з боку грамадства і з умовай падтрымкі дзяржавы».

0612_hdz_sluck_slupy_minsk_06_qz9kp.jpg


Што да справаводства, то экс-галоўны ідэолаг запэўнівае, што яно нібыта ўжо пакрысе пераводзіцца на беларускую мову.

«Гэта цяжкі працэс. Зноў жа, асобныя распараджэнні выдаюцца па-беларуску, Мінкульт амаль увесь час прымае па-беларуску свае дакументы. І я б хацеў тут прывесці невялікую дэталь, проста псіхалагічную. Калі ў 1990-я гадах мы праводзілі маштабнае даследаванне па ацэнцы эфектыўнасці развіцця ў класах, дзе дзетак пераводзілі на беларускую мову, то іх узровень інтэлектуальнага развіцця падаў. Чаму? Ім трэба было працаваць шматкроць эфектыўней на ўроках, каб засвоіць прадмет. Бо адбываецца пераклад у галаве, ён запавольвае інтэлектуальны працэс. А нейкае глабальнае запавольванне інтэлектуальнага развіцця адбіваецца і на рэспубліканскім узроўні. Таму цалкам усё мяняць раптоўна нельга, трэба без гвалту. Глядзіце, дзе сёння нейкая вулічная таблічка за старасцю здымаецца, то новая ўжо вешаецца па-беларуску. У свой час мова сышла не дырэктыўна, і гэтак жа яна мусіць вярнуцца, калі ў грамадстве ёсць запатрабаванасць. На тэрыторыі Савецкага Саюза ніводная нацыя не знікла, а на тэрыторыі Еўропы — вялізная колькасць моваў растварылася. Гаворка пра тое, што цяпер трэба захоўваць тое, што захавалася і развіваць гэта», — мяркуе Бузоўскі.

Пра «Пагоню» і сцяг

Чыноўнік таксама даў сваю ацэнку дзейнасці культурніцкіх ініцыятыў, якія ідуць знізу. Напрыклад, мы спыталіся пра «Арт-Сядзібу» — бо акурат у гэты момант побач праехаў хлопец на ровары, у якога на вопратцы была «Пагоня».

«Калі гэта выкарыстоўваецца для прасоўвання нацыянальных рэчаў — то станоўча. Калі гэта палітызуецца, то адмоўна. Можам пастаяць тут, на праспекце, нейкі час, і ўбачым — дзеці ходзяць, на заплечніках «Пагоня». Ну яе ж ніхто не здзірае. Ні ў школе, ні тут. Гэта наша культурная спадчына — і «Пагоня», і бела-чырвона-белы сцяг. Але не трэба іх палітызаваць. Калі гэта ўжо на нейкіх акцыях выкарыстоўваецца з падтэкстамі, то я ўжо адмоўна на гэта гляджу. А так — мы павінны ведаць, што гэта, адкуль, дзе і як выкарыстоўвалася», — сказаў Бузоўскі.

Пра сацыяльныя сеткі

Фінальным пытаннем мы пацікавіліся ў кіраўніка Цэнтральнага раёну, калі ўжо беларускія чыноўнікі з'явяцца ў сацыяльных сетках.

«Я туды стала пішу. Але як асоба не мушу там прысутнічаць. Я кіраўнік — у мяне ёсць паўнамоцтвы, праца. Пра канкрэтныя дзеянні я магу напісаць, вось як пра сённяшняе мерапрыемства, напрыклад. А маё персанальнае жыццё — ну яно, відаць, не павінна быць наверсе, абмяркоўвацца. Гэта будзе некарэктна. Гэта ў большай ступені папулісцкія рэчы, калі робіцца напаказ. Тут галоўнае — каб мяне ацэньвалі, як кіраўніка, каб рос давер да органаў выканаўчай улады», — рэзюмаваў чыноўнік.

Арцём Гарбацэвіч, nn.by