У Расіі асудзілі мужчыну за рэпост роліка ў падтрымку Украіны

Калужскі раённы суд у Расіі прысудзіў Рамана Грышына да 320 гадзін абавязковых прац за распальванне нянавісці і варожасці.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на юрыста праваабарончага цэнтру "Мемарыял" Дзяніса Шэдава.
Юрыст займаецца распрацоўкай прававой пазіцыі абароны па гэтай справе разам з адвакатам Аляксандрам Гаўрыкавым.
Прычынай крымінальнага пераследу Рамана Грышына стаў яго перапост у сацсетцы ў 2014 годзе музычнага роліка, які крытыкуе палітыку ўладаў Расіі на паўднёвым усходзе Украіны.
Раней ЛГБТ-актывістку з Краснадара Ніну Салаўёву за гэты ж ролік арыштавалі на 10 сутак — яе дзеянні былі кваліфікаваныя ў рамках КаАП.
17 лістапада 2016 года да Грышына на працу з'явіліся супрацоўнікі ФСБ у масках і спецэкіпіроўцы. Асноўным прадметам гутаркі з прадстаўнікамі ФСБ былі рэгулярныя паездкі Грышына ва Украіну. Яго пыталіся, у прыватнасці, чаму ён фатаграфуецца на Майдане.
Грышын падкрэсліваў, што наведваў краіну як турыст, гасцяваў у сяброў і ні з якімі арганізацыямі ва Украіне не працаваў. Ён з'яўляецца філолагам, карэктарам, і падобная ўвага ФСБ для яго сталася шокам.