Да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыліся выставы «Ленініяны»
Да 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту віцебскія музеі
стварылі экспазіцыі, прысвечаныя Уладзіміру Леніну, — паведамляе "Радыё Свабода".

Набыўшы квіток коштам 1
рубель глядач можа пазнаёміцца з фондамі прыватных калекцый, сабраных аматарамі
«ленінскай тэмы». Пакуль ахвотных глядзець — няшмат.
У віцебскім краязнаўчым музеі адчынілася экспазіцыя «Эпоха Леніна», куды ўвайшлі экспанаты з аднайменнай прыватнай калекцыі жыхара Полацку Мікалая Панкрата. Калекцыянэр Панкрат мае свой хатні музей, які паводле памераў пераўзыходзіць шмат якія дзяржаўныя. Музей называецца «Сэнс жыцця», і гаспадар мае самыя шырокія інтарэсы што да зьбірання экспанатаў. Але найбольшую частку калекцыі складаюць артэфакты савецкага мінулага, і, у прыватнасці, выявы Леніна.

У абласным краязнаўчым музеі выстаўлена ўсяго каля тысячы
эксапанатаў з калекцыі Мікалая Панкрата. Гэта сцягі, вымпелы, медалі і значкі,
а таксама 100 скульптурных выяваў Леніна, зробленых з рознага матэрыялу — з
бронзы, парцаляны, дрэва. Паводле прадметаў экспазіцыі, можна нават скласці
ўяўленне пра біяграфію правадыра сусветнага пралетарыяту: выявы ўвасабляюць
Леніна ў розным узросце — ад кучаравага хлопчыка да юнака з рашучым позіркам і
кананічнага дзядулі з бародкай.
У пачатку экспазіцыі размешчаны зварот Мікалая Панкрата, дзе ён тлумачыць сэнс свайго занятку:
«Усе экспанаты музею — гэта даніна павагі гісторыі краіны Саветаў, людзям, якія жылі ў тую эпоху, старэйшаму пакаленню, для якога Савецкі Саюз быў і застаецца Радзімай. Пры ўсіх памылках і праліках, было шмат добрага, калі мы жылі пры сацыялізме. Хачу, каб гэтая памяць засталася маім дзецям і ўнукам, Полацку».

На памяць гораду Віцебску сваю калекцыю значкоў з выявамі
Леніна падарыў Анатоль Шэльцін, былы выкладчык акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Калекцыя доўгія гады была справай ягонага жыцця, але прыярытэт каштоўнасцей збіральніка
нечакана змяніўся, калі ў 1997-м годзе ён вырашаў з’ехаць у Ізраіль. Тады,
напярэдадні 80-х угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, ён падараваў гораду сваю
калекцыю «Ленініяна» з пяці тысяч значкоў — прычым не тых, якія прадаваліся ў
кожным шапіку за савецкім часам, але рэдкіх, якія выпускаліся абмежаванымі
накладамі.
1776 значкоў з выявамі Леніна можна ўбачыць у складзе
выставы «Калекцыя сышоўшай эпохі».

Апрача іх, Музей прыватных калекцый уключыў у экспазіцыю
зборную інсталяцыю «Працоўнае месца калекцыянера» і інтэрактыўную забаўку для
школьнікаў. Яны могуць патрэніравацца завязваць гальштук, размаляваць
каляровымі алоўкамі піянерскі значак і ўнесці ўласныя дадаткі ў «Правілы
акцябратаў». Асабліва кранальным выглядае прапанова «Не крыўдзіць маленькіх
коцікаў».
Паводле музейных супрацоўнікаў, экспазіцыі наведвае не так шмат гледачоў, як планавалася. Не справакаваў інтарэсу да правадыра і нядаўні скандал, калі ідэолагі «параілі» дэмантаваць выставу Цэнтру сучаснага мастацтва, бо на ёй быў прадстаўлены скульптурны партрэт Леніна, зроблены з халадца.
