«Галоўная парада: вучыце мову». Як беларусы знаходзяць першую працу ў Польшчы

Пошук працы — звычайна самае складанае пытанне пераезду ў новую краіну. Выданне MOST паразмаўляла з беларусамі пра тое, як яны шукалі першую працу ў Польшчы і на якія заробкі згаджаліся.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg_1.webp

«Працадаўца-паляк чакаў месяц, пакуль я зраблю візу»

У Польшчы Міхаіл жыве ўжо паўтара года. Прыехаў з Мінска, дзе працаваў электрамантажнікам. Для пераезду абраў Беласток, тут жылі сябры. Яшчэ да пераезду Міхаіл папрасіў сваю сяброўку даведацца, куды ў Беластоку можна ўладкавацца электрыкам. Аказалася, што муж адной з яе кліентак працаваў з палякам, якому ў фірму патрэбен работнік.

— Мой цяперашні працадаўца-паляк чакаў месяц, пакуль я зраблю візу, а пасля — тыдзень каранціну. На момант пераезду мову я не ведаў зусім. Але з палякам агульную мову знайшоў адразу, пачалі разумець адзін аднаго практычна без праблем. Яго фірма — гэта ён і я. Часам мы працуем разам, але ў асноўным — працую адзін. Як начальнік ён не патрабавальны, нікуды не гоніць, увесь час кажа: «Рабі не спяшаючыся і акуратна, дрэнна яно само атрымаецца». Са старту аплата была 20 злотых у гадзіну чыстымі, цяпер падняў да 27 злотых (1 долар ЗША на сёння — каля 4 злотых). Працую я з панядзелка па пятніцу па восем гадзін. Рэдка бывае неабходнасць выйсці на працу ў суботу, але ён заўсёды папярэдне пытаецца, ці ёсць у мяне магчымасць.


Глядзіце таксама

«Знайсці нешта ідэальнае з першай спробы вельмі цяжка»

Эмі пераехала ў Польшчу два з паловай гады таму, напрыканцы 2020 года. Дзяўчына адразу падалася на міжнародную абарону, таму бліжэйшыя паўгады працаваць афіцыйна магчымасці ў яе не было. Пасля атрымання ўсіх дакументаў беларуска пачала шукаць працу. У Беларусі Эмі працавала афіцыянткай і музычным кіраўніком, таму хацела знайсці штосьці падобнае. За паўгады па праграме Каліноўскага дзяўчына вывучыла польскую мову да ўзроўня В2, але ўпэўненасці ў карыстанні мовай не было. Таму дзяўчына адмовілася ад працы ў дзіцячым садку, нягледзячы на прапановы, якія ёй паступалі.

— Праз беларускія групы ў тэлеграме і праз агульных знаёмых знайшла працу афіцыянткай у італьянскай рэстарацыі Chianti ў Варшаве. Але калі я прыйшла на сумоўе, мне адразу адмовілі ў пасадзе афіцыянткі з-за колера валосся (яно было фіялетавым). Мяне прынялі мыць посуд. Працавала я там толькі ў выхадныя. Гэтага было мала. Таму я пайшла на дадатковую працу: мыць посуд у кальянную. Плацілі мне 15-17 злотых за гадзіну.

Паралельна я шукала працу на пастаяннай аснове і знайшла працу касірам у Ашане. Там прапаноўвалі аплату ў памеры 18 злотых за гадзіну, але з графікам шэсць дзён у тыдзень па 12-15 гадзін у дзень. Дарога ад майго дома да працы займала яшчэ паўтары гадзіны. Там я вытрымала ўсяго тры месяцы. Развіталася з працай у Ашане роўна ў той момант, як атрымала прапанову ад беларускага бара, куды часта хадзіла, — Beer Station. На той момант быў толькі адзін бар у раёне Praga-Pòłnoc у Варшаве. І планавалася адкрыццё другога ў самым цэнтры Варшавы, куды патрабаваўся кухар за 20 злотых у гадзіну. Я пагадзілася.

На пасадзе кухара Эмі прапрацавала нядоўга: чатыры-пяць месяцаў, пасля чаго ёй прапанавалі працу бармэнам. Працавала адразу на два бары, амаль праз год адкрыўся трэці бар таго ж брэнда у раёне Ursynów. І беларуска пачала працаваць ужо «на тры бары». Агулам на гэтых трох працах Эмі прапрацавала паўтара года. Звольнілася дзяўчына, бо зразумела, што стаіць на адным месцы і не развіваецца. Эмі прызнаецца, што развітвацца было цяжка, але яна прыняла рашэнне шукаць штосьці, што будзе блізка сэрцу, а не тое, што будзе ратаваць ад галоднай смерці.

— У польскай групе ў фэйсбуку я знайшла прапанову бармэнам у рэстаране італьянскай кухні Dziurka od klucza. Заробак абяцалі ў памеры 24 злотых за гадзіну, з магчымасцю павышэння да 27 злотых. Каб туды трапіць, трэба было прайсці кваліфікацыйную размову, падчас якой пыталі пра кактэйлі, моцны алкаголь, мае планы на будучыню ў сферы бармэнства. Яшчэ трэба было адпрацаваць тэставы дзень. Я працую ў гэтым рэстаране ўжо два месяцы і кайфую! За 200 гадзін я зарабляю амаль 5000 злотых і пры гэтым не стамляюся. У нас вялікі калектыў — амаль усе палякі і некалькі ўкраінцаў. Нам рэгулярна праводзяць навучальныя курсы, так званыя szkolenia, на якіх распавядаюць аб алкаголі, кактэйлях, віне. Да таго ж тут рэгулярна змяняецца кактэйльная карта, у якую мы павінны самі ўносіць свае аўтарскія кактэйлі, таму нам дазволена часта эксперыментаваць.


Глядзіце таксама

Эмі лічыць, што знайсці нешта ідэальнае з першай спробы вельмі цяжка. Кожны павінен прайсці праз нейкі перыяд, калі трэба ісці на працу з цяжкасцю і неахвотай, каб зарабіць на выжыванне. А калі будзе падушка бяспекі — можна шукаць тое, што будзе па душы і ў чым можна развівацца.

— Для сябе адзначыла тое, што нават гэты рэстаран не будзе маім канчатковым пунктам. У маіх планах калісьці адкрыць штосьці сваё.

«Заробак залежыць ад таго, колькі лекцый правяду»

Марыя пераехала ў Польшчу чатыры гады таму. Зараз дзяўчына жыве ў Варшаве і працуе настаўніцай ангельскай мовы: выкладае для палякаў.

— Асаблівых цяжкасцяў у пошуку працы ў мяне не было. Знайшла яе на praca.pl. Напачатку была анлайн-размова, а потым запрасілі ў школу. На вочным сумоўі пыталі, які ў мяне вопыт навучання, якія методыкі выкарыстоўваю і гэтак далей. У той самы дзень мне патэлефанавалі і сказалі, што прымаюць на працу. Гэтая праца ў мяне па ліку другая пасля заканчэння універсітэта. Мой заробак як настаўніка залежыць ад таго, колькі лекцый правяду. У месяц выходзіць ад 4000 да 6000 злотых. Праца мне падабаецца, але, як і паўсюль, ёсць што палепшыць.

Польскую мову Марыя вучыла яшчэ ў школьныя часы: хадзіла на заняткі, чытала кнігі. Акрамя гэтага, да пераезда беларуска шмат разоў была ў Польшчы, таму вывучэнне мовы давалася проста.

Для ўсіх, хто збіраецца пераязджаць у Польшчу і працаваць тут, у Марыі толькі адна парада: вучыць польскую мову.