«Гавел да апошняга прысвячаў час месцам, дзе робіцца несправядлівасць, і ў тым ліку Беларусі»

У Мінску прайшла традыцыйная вечарына памяці Вацлава Гавела, якую арганізуе Рух «За Свабоду».

_img_8714.jpg


«Вацлаў Гавел да апошняга моманту прысвячаў свой час, свае думкі тым месцам на мапе свету, дзе робіцца несправядлівасць. Адным з такіх месцаў была Беларусь», — адзначыў, адкрываючы вечарыну, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, дзесяць год таму, у 2010 годзе людзі выйшлі на вуліцы з патрабаваннем пераменаў, каб Беларусь была дэмакратычнай, незалежнай, грамадства вырашала, як далей жыць краіне — але супраць іх былі прымененыя рэпрэсіі.
«Нажаль, за гэты час нічога не змянілася. Магчыма, сёння іншы ўзровень пераследу. Але тыя ж самыя суды, штрафы, суткі, пераслед самых актыўных. Сутнасць рэжыму не змяняецца», — упэўнены Губарэвіч.

_img_8737.jpg


Старшыня Руху пабачыў паралелі паміж той сітуацыяй, якая была ў Чэхаславакіі часоў Гавела і сённяшняй Беларуссю. «Чым натхняюцца людзі, якія змагаюцца ў такіх умовах?» — спытаў старшыня Руху, дадаўшы, што хацелася б перайсці да наступнага кроку, думаць таксама пра іншае: як адбываюцца трансфармацыі, калі зрынаецца аўтарытарны рэжым.
«Што рабіць з эканомікай? Што рабіць з палітыкай? Гэта ўсё тое, што на ўласным досведзе спазнаў Вацлаў Гавел», — адзначыў палітык.
Губарэвіч пажадаў, каб 2020 год быў годам сапраўдных пераменаў для Беларусі.

_img_8760.jpg


Пасол Чэхіі Томаш Перніцкі распавёў, што сам быў удзельнікам студэнцкіх страйкаў у Чэхаславакіі.
«Для нас было важна, каб прэзідэнтам стаў Гавел. Мы былі ўпэўненыя, што ён верне нас у Еўропу. І толькі пасля ягонага абрання мы закончылі студэнцкія забастоўкі. Я не кажу, што не было б у нас Гавела, мы б не былі ў ЕС і НАТА. Але мы б не былі там так хутка», — падкрэсліў дыпламат.
За апошні час у Беларусі быў адзін месяц — жнівень — калі нікога не затрымлівалі, і праваабаронцы раслабіліся, адзначыў кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
«І я думаю, што б сказаў у сённяшняй сітуацыі Вацлаў Гавел беларусам. Каб мы не думалі, што мы адны, генералы без войска. Зменіцца сітуацыя, з’явяцца войскі. Мы не дысідэнты, мы нармальныя барацьбіты з уладамі», — падкрэсліў Бяляцкі.
Па ягоным меркаванні, спадчына Гавела актуальная для Беларусі да гэтага часу.

_img_8783.jpg


Прапанова назваць адну з вуліцаў імём Гавела паступіла ад палітыка Анатоля Лябедзькі. Абгрунтаваў ён гэтую ідэю наступным чынам: савецкія назвы цягнуць нас у савецкае мінулае, а Гавел — гэта еўрапейская будучыня.

_img_8833.jpg


Гасцям паказалі пастаноўку п’есы Гавела «Пратэст», якую зрэжысіраваў Васіль Дранько-Майсюк. Закончылася вечарына выступам Андруся Такідтанга.

pyx.by