Гродна. У парку Жылібера пачалося паляванне на рыбу, якую выпусціў добры дзядуля Віталь
Не прайшло і сутак пасля публікацыі матэрыяла пра незвычайнае хобі дзеда Віталя, як гарадзенцы пачалі паляваць на рыбу, што плавае ў фантане ў парку Жылібера.
Нагадаем, першая рыба з'явілася там два тыдні таму. Гарадзенскі пенсіянер Віталь, у мінулым рыбак, запусціў у фантан купленую жывую рыбу. Як патлумачыў, для сябе і на радасць дзеткам. Дзед хацеў, каб рыба была не чарговым уловам, а каб прыносіла радасць людзям.
Два тыдні ён купляў рыбу на рынку і запускаў яе ў адзін з фантанаў горада:
— Апошнім часам нешта шкада рыбу стала. Я лічу, што мая задача — выратаваць іх. Жывуць яны ў мяне ў фантане ўжо другі тыдзень.
Карасікі каштуюць нядорага. Першапачаткова хацеў выпускаць іх на Савецкай. Але пазней вырашыў, што ў парку будзе лепш. Там і дзяцей больш, а іншым разам і з вудай можна
прыйсці, — распавёў з усмешкай пенсіянер.
Людзі цешацца, але ўжо можна заўважыць i дзяцей, якія з рызыкай палююць на рыбу.+
— Не шанцуе нам, рыба вельмі хуткая. Немагчыма злавіць гэтых карасікаў. Ужо шмат часу мучымся, — распавёў юны лавец рыб Дзіма.
— Навошта вам рыба?
— Для забавы, а можа засушым.
Пасля доўгіх спроб дзеці ўсё ж засталіся без рыбы, але затое з іншым уловам. Манеты, якія ляжалі на дне фантана, замянілі карасікаў.+