У Гродзенскім універсітэце скароцяць выкладанне па-беларуску праз скаргі замежнікаў?

Два гады таму на адным з факультэтаў ГрДУ некалькі студэнтаў-замежнікаў скардзіліся адміністрацыі з нагоды выкладання некаторых прадметаў па-беларуску. Замежнікі не валодалі беларускай мовай і ім складана было разумець лекцыі. Цяпер сітуацыя паўтараецца.



ozheshko_2m.jpg

Крыніцы ва ўніверсітэце паведамілі, што на факультэце гісторыі, камунікацый і турызму замежнікі пішуць кіраўніцтву, каб выкладчыкі перасталі выкладаць па-беларуску. Іншаземныя студэнты хацелі б, каб беларускамоўныя выкладчыкі размаўлялі па-руску падчас лекцый і практычных заняткаў.

Студэнты аргументуюць гэта тым, што яны плацяць за адукацыю, таму іх патрабаванні адміністрацыя павінна выканаць.

У прэс-службе ўніверсітэта расказалі, што чуюць пра праблему ўпершыню. Тым больш, зараз рэктар у адпачынку, а ў яго адсутнасць ніякіх рашэнняў звязаных з мовай выкладання не прымалася і не можа прымацца. “Такое пытанне не абмяркоўвалася, бо такой праблемы і не паўставала”, —запэўнілі нас. А потым дадаткова спаслаліся на дзве дзяржаўныя мовы ў краіне.

Ці сапраўды праблемы няма, альбо проста кіраўніцтва ВНУ не хоча яе бачыць?

Мікола Дзямідаў, Твой стыль