Якая ўлада — такія і ваенныя інцыдэнты

«Ваенны інцыдэнт, пра які думалі дзесяць дзён, — гэта ваенны інцыдэнт такога кшталту, пра які ў прыстойным грамадстве лепш не гаварыць», — разважае ў сваёй характэрнай манеры тэлеграм-канал Лісты да дачкі.

578107_original.jpg

Якая ўлада — такія і ваенныя інцыдэнты. Я, вядома, нічога не магу сказаць наконт таго: «Чый дрон?». Таму што — дзе я, а дзе перадавыя тэхналогіі ваенных беспілотнікаў? Але трошкі дзіўна, што беларускім уладам спатрэбілася дзесяць дзён, каб узгадніць маршрут яго палёту над беларускай тэрыторыяй. Калі да цябе раптам заляцеў чужы ваенны дрон, дык не маўчы, так адразу і скажы, што думаеш. А ваенны інцыдэнт, пра які думалі дзесяць дзён, — гэта ваенны інцыдэнт такога кшталту, пра які ў прыстойным грамадстве лепш не гаварыць. Гэта атрымліваецца, калі агрэсіўны блок НАТА папрэ праз нашы святыя рубяжы, ім таксама спатрэбіцца дзесяць дзён, каб сцяміць, куды ён накіроўваецца?

Я, вядома, разумею, што да візіту расійскага міністра абароны трэба было прад'явіць штосьці правакацыйнае. Каб нездарма з'ездзіў. Але мне здаецца, у душы нават расійскі міністр не ўразіўся. Не кажучы ўжо пра больш патрабавальную аўдыторыю.

Пасля такіх інцыдэнтаў патрабавальная аўдыторыя ўжо ніякім інцыдэнтам не паверыць. Вось, скажам, джыпы з тонамі ўкраінскай зброі, якія раствараюцца ў паветры адразу пасля прарыву беларуска-ўкраінскай мяжы, выпрацавалі ў патрабавальнай аўдыторыі ўстойлівую прэзумпцыю недаверу. Яе цяпер нават укрыжаванымі хлопчыкамі не натхніш. Што тут сказаць: чэрствыя людзі, нічога святога.

Так што мэтавая аўдыторыя мне неяк катэгарычна не зразумелая. Нават для сведак стабільнасці не мела сэнсу старацца. Зразумела, што сведак стабільнасці трэба натхніць святым гневам. Таму што, як паказвае практыка, сведкі стабільнасці, вядома, гатовыя кожны дзень сведчыць пра стабільнасць у тэлевізары. Аднак жа не вельмі настроеныя стаць ахвяраю ў няроўнай барацьбе.

Але, ведаеш, што я табе скажу? Калі сведкі стабільнасці не гатовыя гінуць у барацьбе за стабільнасць, дык зламаным беспілотнікам іх тым больш на гэта не натхніш. Не тая ўсё ж такі нагода, каб выбрацца з цёплага тэлевізара.

Таму адзінае магчымае наступства — новыя непрыемнасці па знешнім памежным контуры. Няўжо ім старыя непрыемнасці надакучылі? Гэтыя непрыемнасці і так ужо сталі паўсядзённай руцінай. Вось увяла ўчора Эстонія санкцыі супраць беларускіх нафтапрадуктаў — а ў беларускіх уладаў ужо нават няма сіл, каб адказаць. Таму што цяпер іх кожны наровіць пакрыўдзіць — а дзе на ўсіх набрацца асіметрычных адказаў?