Яшчэ 10 станцый мінскага метро будуць з бясплатным Wi-Fi

Доступ да бясплатнага Wi-Fi з'явіцца на 10 станцыях сталічнага метрапалітэна у 2019 годзе, паведаміла карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» кіраўнік аддзялення маркетынгу кампаніі «Дзелавая сетка» Эвеліна Рачкоўская.

racyja.com

racyja.com

Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў будуць абсталяваныя пункты доступу на шасці станцыях: «Пятроўшчына», «Плошча Леніна», «Уручча», «Першамайская», «Няміга», «Аўтазаводская».
— Іх падключаць у першую чаргу, ужо вясной 2019-га, паколькі гэтыя станцыі размешчаны побач са знакавымі спартыўнымі аб'ектамі: «Аўтазаводская» — ля «Чыжоўка-Арэны», «Плошча Леніна» і «Першамайская» — ля стадыёна «Дынама», «Няміга» — ля Палаца спорту, «Уручча» — ля аднайменнага спартыўнага комплексу. Станцыя «Пятроўшчына» мае выхад да Студэнцкай вёскі, у якой на час Гульняў размесцяць спартсменаў з іншых краін, — патлумачыла Эвеліна Рачкоўская.
Яшчэ чатыры кропкі доступу абсталююць да канца наступнага года на станцыях «Акадэмія навук», «Плошча Якуба Коласа», «Маскоўская» і «Каменная Горка».
Чытайце таксама: У мінскім метро з'явіўся бясплатны Wi-Fi 
У цяперашні час у Мінску працуюць больш за 100 кропак доступу Free Wi-Fi Minsk. У тым ліку дзве ў метро — на «Купалаўскай» і «Кастрычніцкай» (іх падключылі у жніўні).
— У метро з дапамогай бясплатнага Wi-Fi да Інтэрнэту падключаюцца ў сярэднім 6-6,5 тыс. карыстальнікаў штомесяц. Усплёск па колькасці сесій адзначаецца з 29-га па 31-е чысло. Верагодна, гэта тлумачыцца тым, што да канца месяца аб'ём індывідуальнага мабільнага інтэрнэт-трафіку ў карыстальнікаў, як правіла, ужо вычарпаны, — адзначыла суразмоўца.