Роўнасць па-беларуску. Стаяць на мяжы ў агульнай чарзе бясплатна не атрымаецца!
Лукашэнка вырашыў адмяніць платнае браніраванне часу перасячэння мяжы. Але не будзе ні танней, ні хутчэй.
У Беларусі ўводзіцца шэраг змяненняў у перасячэнні мяжы на аўтамабілях. Цяпер усе вадзіцелі будуць плаціць за рэгістрацыю ў электроннай сістэме і праходзіць мяжу ў парадку жывой чаргі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
«Для павышэння эфектыўнасці работы сістэмы электроннай чаргі ўказам адмяняецца бясплатнае размяшчэнне транспартных сродкаў у зоне чакання. Ранейшая паслуга платнага браніравання часу ўезду транспартных сродкаў у пункт пропуску з зоны чакання таксама адмяняецца», — гаворыцца ў паведамленні.
Цяпер усе вадзіцелі будуць плаціць за рэгістрацыю ў электроннай сістэме і праходзіць мяжу ў парадку жывой чаргі. Частку атрыманых ад гэтага сродкаў накіруюць Дзяржпагранкамітэту, паведамляе «Л*стэрка».
Нагадаем, як пісаў НЧ, у красавіку беларускія ўлады прыдумалі праводзіць абавязковую платную дэзінфекцыю транспарту пры ўездзе ў краіну.