«Яшчэ тут беларусы замітусіліся». Літоўскі палітык супраць беларускай мовы на магіле Каліноўскага
Былы міністр замежных справаў Літвы і кандыдат літоўскіх кансерватараў на выбарах у Еўрапейскі парламент Аўдронюс Ажубаліс выступіў супраць беларускай і польскай моваў на магілах паўстанцаў 1863–1864 гадоў, якіх сёлета пахаваюць на віленскіх могілках Росы, піша «Радыё Свабода».
Сваю пазіцыю літоўскі палітык патлумачыў у артыкуле на сайце delfi.lt
«Літва ў Літве робіць перапахаванне герояў, і надпісы над іхнымі трунамі маюць быць па-літоўску, бо іначай гэта будзе не дзяржаўнае пахаванне, калі дзяржаўнай мове патрэбны “спадарожнікі”», — піша Ажубаліс.
Літоўскі палітык лічыць, што, магчыма, дапушчальна было б падпісаць шыльды на польскай мове, паколькі на гэтай мове свае імёны пісалі і самі паўстанцы. Але ён звяртае ўвагу, што ў Літве ёсць уласная традыцыя пісаць і польскія імёны па-літоўску, а адмаўленне ад гэтай традыцыі Ажубаліс назваў зьнішчэннем «падмурку, які сведчыць пра самапавагу Нацыі».
«Яшчэ тут суседзі-беларусы
замітусіліся і патрабуюць, каб хаця б прозвішча Кастуся Каліноўскага было і
па-беларуску напісана. Напісанне прозвішчаў трыма мовамі — несур’ёзна. Адзін
чалавек — тры прозвішчы, як у музеі, каб усім наведнікам было ўсё ясна. Толькі,
бачыце, гэта не інфармацыйная шыльдачка музейнага экспаната, гэта пантэон
змагароў за свабоду Літвы (а яе яны ўсе разумелі ў катэгорыях таго часу) ад
маскаліі», — працягвае былы літоўскі міністр.
Далей Ажубаліс адказвае ініцыятарам трохмоўных шыльдаў, якія сваё рашэнне абгрунтоўваюць запісаннем імёнаў паўстанцаў паводле царкоўных кніг ці як яны самі падпісваліся.
«Калі так, то тады, браточкі, мецьмем працу па ўсёй Літве. Цікава, як бы ў Польшчы адрэагавалі на просьбу Літвы, каб на магіле Чэслава Мілаша былі надпісы на дзвюх мовах, не кажу ўжо пра Беларусь, дзе як грыбы пасля дажджу з’яўляюцца гедзіміны і міндоўгі», — задае рытарычнае пытанне Ажубаліс.
Свой артыкул былы міністр замежных справаў завяршае думкай, што гістарычная палітыка Літвы «павінна быць адпорнай на патоп прапаганды з суседніх дзяржаваў і на фальсыфікацыі літоўскай гісторыі».
«Гістарычная палітыка патрэбна не толькі дзеля таго, каб мы паразумеліся міжсобку і засталіся свядомымі грамадзянамі дзяржавы, але і дзеля таго, каб Літва годна паразумелася з партнёрамі, не прыніжаючыся, не ахвяруючы гістарычнаю праўдаю дзеля кароткачасовай карысці і не губляючы годнасці дзяржавы», — піша Аўдронюс Ажубаліс.
Пра тое, што імёны паўстанцаў будуць напісаныя на літоўскай, польскай і беларускай мовах, стала вядома 15 красавіка. Спачатку меркавалася зрабіць надпісы толькі па-літоўску і па-польску. Але ўраду Літвы быў перададзены зварот больш як 500 грамадскіх дзеячаў Беларусі, якія настойвалі на ўшанаванні паўстанцаў 1863–1864 гадоў у тым ліку на беларускай мове.
На гары Гедзіміна знайшлі парэшткі 20
з 21 пакараных паўстанцаў. Парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікаваныя з
пэўнасцю на 95%. На ўрачыстую цырымонію перапахавання парэшткаў паўстанцаў,
знойдзеных летась на гары Гедзіміна ў Вільні, будуць запрошаныя найвышэйшыя
службовыя асобы Беларусі, Польшчы і Украіны.
Мемарыяльныя ўрачыстасці запланаваныя на дзень ушанавання памерлых продкаў — Дзяды, 2 лістапада 2019 году.