Каманда БелаПАН запусціла сайт «Позірк»
Частка каманды найстарэйшага беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і першай у краіне інтэрнэт-газеты Naviny.by запусціла новы інфармацыйны сайт «Позірк». Журналісты і рэдактары былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля таго, як у лістападзе 2021 года КДБ унёс БелаПАН у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Раней праект «Позірк» існаваў як тэлеграм-канал, найбольш важнымі і цікавымі навінамі і аналітыкай каманда дзяліліся ў Фэйсбуку. «Са з'яўленнем новага сайта больш нашага кантэнту пра Беларусь будзе даступна шырокай аўдыторыі», — піша рэдакцыя.
Сайт працуе на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.
«Позірк», як і раней БелаПАН, працуе ў фармаце інфармагенцтва і выпускае навіны, аналітыку, інтэрв’ю і каментары экспертаў аб падзеях у Беларусі.
«Каманда “Позірку” кіруецца высокімі стандартамі ў рабоце з інфармацыяй, устаноўленымі яшчэ ў БелаПАН, які толькі ў 2019 годзе 10 разоў узначальваў рэйтынг Media-IQ па выкананні стандартаў журналістыкі», — адзначае рэдакцыя.
«Мы верым, што незалежныя СМІ — гэта важная і неабходная частка вольнага дэмакратычнага грамадства, а прафесійны абавязак журналістаў — сумленна распавядаць сваім чытачам пра тое, што адбываецца вакол і як тыя ці іншыя падзеі ўплываюць на жыццё кожнага з нас. Лічым, што павінна быць як мага больш крыніц сумленнай і дакладнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі, і спадзяемся, што “Позірк” стане адной з вашых любімых закладак з беларускімі навінамі», — гаворыцца ў паведамленні рэдакцыі.
БелаПАН (Беларускае прыватнае агенцтва навін) было створанае ў 1991 годзе. За кароткі тэрмін агенцтва заваявала рэпутацыю незалежнай, дакладнай і аператыўнай крыніцы інфармацыі. Навіны БелаПАН публікавалі вядучыя дзяржаўныя і выданні, цытавалі нацыянальныя і сусветныя радыёстанцыі і тэлекампаніі. Штодня на стужцы БелаПАН выходзіла па сто навін на рускай, беларускай і англійскай мовах.
У склад БелаПАН уваходзіла сацыялагічная служба «Зеркало», якая праводзіла даследаванні, на падставе якіх рыхтаваліся сур'ёзныя аналітычныя матэрыялы.
У 2002 годзе з'явілася першая ў краіне поўнамаштабная інтэрнэт-газета «Беларускія навіны» (Naviny.by), якая неўзабаве стала адным з самых прыкметных грамадска-палітычных рэсурсаў краіны.
14 студзеня 2021 года ў рэдакцыі агенцтва прайшоў ператрус, была канфіскаваная аргтэхніка, частка рукапіснай і друкаванай дакументацыі, што паралізавала працу інфармацыйнага агенцтва.
18 жніўня 2021 года сілавікі правялі новыя ператрусы ў рэдакцыі і ў журналістаў, канфіскавалі тэхніку, офіс апячаталі, канфіскавалі серверы. Некалькі супрацоўнікаў былі затрыманыя, у тым ліку галоўны рэдактар Ірына Леўшына, экс-дырэктар Дзмітрый Наважылаў і бухгалтарка Кацярына Боева. Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што ўсе яны затрыманыя па «падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 342 КК ("Арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак")». Боеву адпусцілі на волю раніцай 28 жніўня пад абавязацельства аб яўцы.
7 верасня 2021 года стала вядома, што Леўшынай і Наважылаву выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры», — «звыш 100 тысяч рублёў») КК Беларусі. Сайты belapan.by, belapan.com, naviny.by былі заблакаваныя і перасталі працаваць. Праца БелаПАН у Беларусі была паралізаваная, але частка рэдакцыі паабяцала працягнуць дзейнасць за мяжой.
Глядзіце таксама

1 лістапада 2021 года КДБ пазасудова прызнаў БелаПАН «экстрэмісцкім фарміраваннем». У спісе экстрэмісцкіх фармаванняў, які апублікаваны на сайце МУС, адпаведны запіс з'явіўся 12 лістапада. У запісе тлумачыцца, што экстрэмісцкую дзейнасць ажыццяўляе «група грамадзян з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва ЗАТ БелаПАН». Экстрэмісцкім таксама прызнаны лагатып БелаПАН. Леўшына і Наважылаў былі абвінавачаныя ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.
Андрэй Аляксандраў, які займаў пасаду намесніка гендырэктара БелаПАН з 2015 па 2018 год, быў абвінавачаны ў фінансаванні пратэстаў, «здрадзе дзяржаве» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».
У сакавіку 2022 года пракуратура Мінска накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў БелаПАН Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай і жонкі Аляксандрава Ірыны Злобінай. У кастрычніку іх прысудзілі да 14, 9, 6 і 4 гадоў калоніі адпаведна.
Глядзіце таксама
