Хай застанецца на іх сумленні
Каментаваць гэтыя прапагандысцкія матэрыялы — ніжэй за маю годнасць, сказаў часова павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Цві Міркіна.
Ізраільскія СМІ рэзка адрэагавалі на артыкул у праўладнай «Мінскай праўдзе», дзе атака ХАМАС на Ізраіль называецца «перамогай Масквы і Мінска». Ізраільскія СМІ падкрэслілі, што расійскія (а разам з імі беларускія) прапагандысты ўхваляюць дзеянні тэрарыстаў, якія могуць быць на руку РФ. Як успрымае такія заявы беларуская амбасада ў Тэль-Авіве і ізраільская ў Мінску, высвятляла «Люстэрка».
З просьбай пракаментаваць рыторыку прапаганды «Люстэрка» звярнулася да часовага паверанага ў справах Ізраіля ў Беларусі Цві Міркіна.
— Безумоўна, Ізраіль у шоку [ад нападу], — пачаў дыпламат з апісання сітуацыі ў сваёй краіне. — Гэта вельмі цяжкія падзеі. У Ізраілі мала людзей, якіх гэта б не закранула. Вось і мяне таксама закранула, бо загінулі сыны двух маіх знаёмых і мой аднакурснік па ўніверсітэце. Усе трое — у суботу ў баі з тэрарыстамі.
І ў такой сітуацыі Ізраіль мабілізуецца вельмі хутка. Ужо за першыя два дні прызвалі 300 000 рэзервістаў. Я думаю, вы бачылі ў навінах і чэргі ў пункты здачы крыві, і чэргі людзей, якія вяртаюцца ў Ізраіль, каб прыбыць у свае рэзервовыя часці.
Такое агіднае, баязлівае забойства, здзейсненае людзьмі, якія страцілі чалавечае аблічча, без рэакцыі не застанецца. Ізраільскі ўрад ясна гэта патлумачыў.
А вось наконт рыторыкі беларускай прапаганды, якая падтрымлівае ХАМАС, Цві Міркін выказаўся даволі каротка:
— Я не хачу апускацца да таго, каб каментаваць гэтыя матэрыялы. Гэта ніжэй за маю годнасць. Але магу сказаць, што бачу рэакцыю беларускага грамадства: кветкі, якія прыносілі да амбасады, лісты, якія мы атрымліваем.
— Ці могуць такія публікацыі ў СМІ неяк паўплываць на адносіны паміж Беларуссю і Ізраілем?
— На гэты момант мы вырашаем наяўныя праблемы, — адказаў дыпламат. — Таму калі хтосьці, напрыклад, напісаў, што паведамленні пра забітых тэрарыстамі ізраільскіх дзяцей — фэйк, хай гэта застанецца на ягоным сумленні (раніцай 12 кастрычніка прапагандысцкі тэлеграм-канал назваў «укідам» інфармацыю пра абезгалоўленых баевікамі ізраільскіх дзяцей. — Заўв. рэд.). Калі яно ёсць, у чым я не ўпэўнены.
Таксама журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў беларускую амбасаду ў Тэль-Авіве як звычайная грамадзянка з пытаннем, ці будзе ведамства неяк рэагаваць на такія выказванні прапагандыстаў.
— У некаторых СМІ, вось, напрыклад, я чытала ў «Мінскай праўдзе», цяпер пачалі адкрыта падтрымліваць ХАМАС. Але вы ж самі знаходзіцеся ў Ізраілі, бачыце, што там адбываецца. Вы будзеце як амбасада неяк рэагаваць на такія рэчы, нешта рабіць?
— Рабіць што?
— Вы ж у МЗС уваходзіце, можаце неяк паўплываць. Я бачыла, што ў Ізраілі ўжо абурыліся такімі выказваннямі. Гэта ж шкодзіць таму, як нас успрымаюць у свеце.
— Гэта не да нас сюды. Не туды вы патэлефанавалі.
— Дык вы ж амбасада. Атрымліваецца, што праз такія выказванні пра нас думаюць, быццам мы падтрымліваем усе гэтыя забойствы. Вы не можаце неяк адрэагаваць?
— Прабачце, гэта не да мяне.
Нагадаем, пасля ўварвання ХАМАС у Ізраіль 7 кастрычніка ў беларускай праўладнай газеце «Мінская праўда» з’явілася калонка рэдактара RT Ігара Молатава. Там прапагандыст радуецца нападу баевікоў на памежныя ізраільскія паселішчы, прадказвае «сцягі Палесціны над мячэццю Аль-Акса ў Ерусаліме» і называе тое, што адбылося, «перамогай Масквы і Мінска». Даволі хутка артыкул знік з сайта выдання, аднак у сеціве захаваліся яго скрыншоты.
Акрамя гэтага, прапагандысты ў сваіх асабістых тэлеграм-каналах выказваюць падтрымку ХАМАС і ставяць пад сумнеў ахвяры сярод ізраільскіх мірных жыхароў.