Карупцыя несмяротная!
Фішка «барацьба з карупцыяй» — зноў запушчаная ў гульню. Аляксандр Лукашэнка зноў даў распараджэнне пачаць татальную барацьбу з карупцыяй, і зноў жа татальна пачаліся «пасадкі» чыноўніцтва. Але ці будзе ад гэтага нейкі плён?
У барацьбу з карупцыяй Лукашэнка гуляе з моманту свайго балатавання на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе. 20 год кіравання краінай у гэтым сэнсе прайшлі беспаспяхова — «гідра карупцыі» апынулася жывучай. Пасля каманды, толькі за пачатак сакавіка было распачата больш за дзесяць «карупцыйных» крымінальных справаў. І гэтая хваля працягваецца.
Апошнімі днямі затрыманні сярод чыноўніцтва ідуць, падаецца, без перапынку. Пасля наведвання Лукашэнкам Слуцкага мясакамбіната затрыманыя гендырэктар прадпрыемства і ягоны намеснік. Ім інкрымінуюць злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, нядбайнасць і перавышэнне паўнамоцтваў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі былога дырэктара баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» Канстанціна Шарэверу па фармулёўцы «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». Прычым 14 красавіка Шарэвера сышоў з пасады, а 15-га апынуўся ў камеры.
Былы першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Фёдар Лісіца на мінулым тыдні быў звольнены з пасады за «дыскрэдытацыю звання дзяржслужбоўца» — то бок, невыкананне абмежаванняў, звязаных з дзяржслужбай. А зараз у адносінах да яго ўжо распачатая крымінальная справа за злоўжыванне ўладай.
Можна з упэўненасцю сказаць — гэта яшчэ не ўсё. «Пасадкі» будуць і надалей: бо вясна, трэба садзіць калі не бульбу, дык карупцыянераў. Але насцярожвае ў гэтай сістэме іншае.
Мы шмат чуем пра гучныя карупцыйныя схемы і скандалы падчас затрымання высокіх і не вельмі чыноўнікаў. Следчыя органы рэгулярна рапартуюць пра нібыта раскрытыя карупцыйныя злачынствы і ўзбуджэнне крымінальных спраў. Але мы вельмі рэдка чуем пра іх заканчэнне, і вельмі рэдка суд над карупцыянерамі можна лічыць паспяховым.
Былы пракурор Мінскай вобласці Міхаіл Снягір быў асуджаны да 7 гадоў калоніі за атрыманне хабару і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі — аджаў элітную кватэру. Адседзеў чатыры гады і выйшаў умоўна-датэрмінова. Былы мэр Гомеля Уладзімір Піліпец атрымаў тры з паловай гады за тое, што размеркаваў паміж знаёмымі і родзічамі 27 кватэраў! Ці адпавядае прысуд нанесенай шкодзе — справа суда, але ж пытанні застаюцца. Снегіру за адну кватэру — 7 год, а Піліпцу за 27 — удвая менш.
Нават Лукашэнка звяртаў увагу на парушэнні і распіл бюджэтных сродкаў пры рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў сталіцы: была набытая мэбля невядомых вытворцаў на 3,6 мільярда (!) рублёў. Адна тумбачка каштавала 58 мільёнаў (на той момант 7 тысяч долараў!), а крэсла кіраўніка — 41 мільён! Прамежкавы вынік справы: вымовы віцэ-прэм’еру Анатолю Калініну і былому міністру культуры Паўлу Латушку за адсутнасць кантролю за бюджэтнымі сродкамі. А нядаўна было перакваліфікаванае абвінавачанне менеджэру ВПУП «Белмашсервіс», які нібыта ўцюхаў гэтыя тумбачкі і крэслы заказчыку: зараз яго абвінавачваюць толькі ў нанясенні маёмаснай шкоды, прычым без матэрыяльнай шкоды!
Самыя цікавыя карупцыйныя скандалы — гэта дзве справы дырэктаркі Мінскага цырку Таццяны Бандарчук. Аж у 2000 годзе следства нам казала, што злавіла яе на хабары літаральна за руку. Але потым яе справа была спыненая, і спадарыня Бандарчук вярнулася да выканання сваіх абавязкаў у цырк. У 2013 яе зноўку звінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. І зноўку справа да суду не дайшла, паколькі Бандарчук, паводле паведамлення БелТА, «добраахвотна пакрыла прычыненую шкоду і сплаціла прыбытак, атрыманы злачынным шляхам».
Чаму ж у нас такія шумныя карупцыйныя справы і такія мізэрныя ад іх вынікі?
Год таму была створаны антыкарупцыйны камітэт у Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Актывісты і кіраўнікі АГП нават правялі ў Беларусі своеасаблівы «антыкарупцыйны марш»: ездзілі па рэгіёнах краіны і абмяркоўвалі праблему карупцыі са сваімі прыхільнікамі і проста рознымі актывістамі розных ініцыятыў. Вынікам, паведаміў намеснік старшыні АГП, эканаміст Леў Марголін, стала выснова: Лукашэнка і не імкнецца змагацца з карупцыяй.
«Мы бачым, што праблема карупцыі больш сістэмная, фактаў карупцыі апошнім часам стала больш. Але нідзе не бачна, каб таксама сістэмна вялася і барацьба з карупцыяй. Як нам паказваюць, ёсць «асобныя выпадкі карупцыі», якія павінны быць раўнамерна размеркаваныя і па рэгіёнах, і па сферах дзейнасці, і па ўзроўню карумпаванага чыноўніцтва. Нідзе не праводзіцца аналіз, выяўленне заканамернасцяў у карупцыі, не ствараецца сістэмы прадухілення такіх выпадкаў, і гэтак далей», — сказаў Марголін.
Таму мы нярэдка бачым, што чыноўнік, якога падазравалі ў карупцыі, альбо вяртаецца на сваю пасаду, альбо раптам прызначаецца на іншую, часам не менш адказную, у іншы рэгіён альбо ў іншую сферу дзейнасці — і на гэтым «карупцыйны скандал» заканчваецца.
Між тым, па меркаванні Марголіна, у барацьбе з карупцыяй не трэба «вынаходзіць ровар» — ёсць досвед шматлікіх краінаў, якія паспяхова карупцыю перамаглі. «Для гэтага патрэбна стварыць тры рэчы. Першае — менш улады чыноўнікам на кіраванне ўласнасцю і фінансавымі плынямі. Другое — празрыстае і зразумелае заканадаўства. Трэцяе — свабодная прэса і незалежная судовая сістэма», — лічыць Марголін. Аднак на такую антыкарупцыйную кампанію дзяржава не пойдзе. А калі так — і ніякай барацьбы з карупцыяй не будзе. Затое бачнасць барацьбы з карупцыяй зараз будзе проста ашаламляльная.
«Наперадзе прэзідэнцкія выбары 2015 года. Падкарміць электарат наўрад ці атрымаецца — сітуацыя ў эканоміцы кепская. Няма грошай — трэба арганізаваць відовішча. Адзін раз гэта спрацавала. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яно можа спрацаваць і другі раз», — адзначае Марголін.