Мужчыну, які вярнуўся з Польшчы, будуць судзіць за наезд у 2020-м на сілавіка

Жыхара Баранавічаў, які вярнуўся з Польшчы, будуць судзіць за тое, што ў жніўні 2020 года ён наехаў машынай на нагу сілавіка. Мужчына віну не прызнае.

Пасля таго, як машыне прастрэлілі кола, кіроўца кінуў аўтамабіль і ўцёк / @pressmvd

Пасля таго, як машыне прастрэлілі кола, кіроўца кінуў аўтамабіль і ўцёк / @pressmvd

12 жніўня 2020 года 35-гадовы мужчына ехаў на машыне па Баранавічах — да яго пачалі бегчы міліцыянеры, падчас манеўраў кіроўца наехаў на нагу аднаму з сілавікоў. Далей за ім учынілі пагоню, але дагнаць яго не змаглі, паведамляюць праваабаонцы.

Пасля мужчына з'ехаў у Польшчу і ўжо там аказаўся ў базе міжнароднага вышуку — у Баранавічах на яго распачалі крымінальную справу за наезд.

У траўні 2022 года фігурант гэтай гісторыі вярнуўся з Польшчы. Яго затрымалі і ўзялі пад варту. Пракуратура ўжо перадала ў суд справу ў дачыненні да яго па п.5 ч.2 арт.147 КК (Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця, учыненае ў адносінах да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці).

Пракуратура паведамляе, што падчас папярэдняга следства мужчына віну не прызнаў. Ён патлумачыў, што ў яго не было намеру на прычыненне супрацоўніку міліцыі цялесных пашкоджанняў, а зрабіў ён гэта па неасцярожнасці.