Назіральніка з Беларусі збілі пасля «КіеўПрайду»
На актывіста ініцыятывы #ControlBY, які ў групе назіральнікаў ажыццяўляў маніторынг «Маршу роўнасці», што праходзіў ва ўкраінскай сталіцы 18 чэрвеня ў межах «КіеўПрайду-2017», напалі праціўнікі ЛГБТ-супольнасці.
Пасля завяршэння шэсця нацыяналісты распачалі "паляванне" за ЛГБТ-актывістамі ў горадзе, таму назіральнікі вырашылі суправаджаць удзельнікаў акцыі. Група грамадзянскага кантролю, у якой быў Кірыл Кажэнаў, ехала разам з імі на метро ад станцыі “Плошча Льва Талстога”, якая ў інструкцыях арганізатараў была вызначана ў якасці “асноўнага шляху адыходу” для ўдзельнікаў прайду. Інцыдэнт са збіццём назіральніка адбыўся ў пераходзе станцыі метро “Паштовая плошча”, ужо на шляху ў штаб каардынатараў маніторынгу.
Кірыл распавёў, як разгортвалася сітуацыя:
“Мы спусціліся ў метро, паздымалі камізэлькі назіральнікаў — каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі. Цягнік прайшоў пяць — шэсць станцыяў без прыпынкаў, і, дарэчы, у кожным вагоне ехалі паліцэйскія. На далейшых станцыях ужо пачаў спыняцца. Мы з напарніцай выйшлі з вагона, пастаялі крыху на пероне, дзе ўбачылі групу падазроных людзей. Вырашылі сесці ў цягнік ў адваротным накірунку, выйшлі на станцыі “Паштовая плошча”, дзе дамаўляліся сустрэцца з іншымі назіральнікамі. На пероне селі на лаўку, каб дачакацца астатніх, і ўбачылі, што на іншым баку стаіць тая ж кампанія. Яны заўважылі, што мы на іх глядзім, і чацвёра рванулі да нас. Падбеглі да мяне з прэтэнзіяй "чо паліш на нас?". Паміж намі адбыўся славесны канфлікт. Яны казалі: “Навошта вы робіце гэтае мерапрыемства?” На нашы словы, што мы не арганізатары, а назіральнікі, яны казалі, што бачылі нас у жоўтых камізэльках [валанцёры, якія ахоўвалі перыметр шэсця, таксама былі ў жоўтых камізэльках — рэд.]. Пасля гэтых тлумачэнняў яны нібыта адсталі і адышліся”.
Як заўважае Кірыл, атрымліваецца, што
гэтая кампанія ад самага пачатку ішла за імі, бо камізэлькі яны знялі як толькі
селі ў першы цягнік.
“Потым на гэтую станцыю прыехала яшчэ частка дэманстрантаў, яны пайшлі на выхад. З імі прыехалі і назіральнікі, якіх мы чакалі. Разам пастаялі, падумалі, патэлефанавалі ў штаб і вырашылі падняцца ўслед за імі, каб прасачыць, бо раптам тых паспрабуюць біць. Калі мы выйшлі з метро, дэманстрантаў ужо не знайшлі — падобна, яны паспелі збегчы на фунікулёр, бо адтуль вярталася агрэсіўная кампанія. Ну а мы стаялі каля метро. Кампанія перайшла на іншы бок дарогі да нейкага будынку і там па двое разгрупавалася па баках. Як потым стала зразумела, яны папросту закрылі ўсе шляхі адыходу для нас. Мы пайшлі на метро і бокам пабачылі, як кампанія таксама рванула да пераходу праз дарогу. Яны дагналі нас на спуску ў пераход”, — распавядае хлопец.
Нягледзячы на ранейшыя тлумачэнні назіральнікаў, агрэсіўныя маладзёны, відавочна, вырашылі адыграцца на іх.
“Мяне схапілі за валасы, павярнулі, потым — за шыю, і, неяк надавіўшы, кінулі ўніз — я праехаў па прыступках. Потым білі. Раз трапілі ў галаву, некалькі разоў у руку, у плячо і ў бок, апошні ўдар быў у шыю. Потым збеглі, — узгадвае Кірыл. — Прыбег паліцэйскій з платформы, пашукалі іх на станцыі — нікога. А звонку ўжо прыехаў паліцэйскі патруль. Мы пакаталіся з паліцыяй па раёне, але нікога не знайшлі”.
У паліцыі да назіральнікаў прыйшоў начальнік аддзелу і папрасіў распавесці пра здарэнне, затым яны далі паказанні і напісалі заяву. З паліцыі паехалі на агляд у траўмпункт, каб зафіксаваць сляды збіцця.
Адносна дзеянняў супрацоўнікаў
паліцыі ў гэтай сітуацыі назіральнік адзначае, што яны былі даволі
аператыўнымі:
“Патрульны паліцэйскі, з якім мы ездзілі па горадзе, сказаў: “Главк” пра вас ужо ведае". То бок, яны ўжо былі ў курсе, што я, па-першае, замежнік, і, па-другое, назіральнік, як я разумею”.
Кірыл мае спадзяванні, што людзей, якія яго збівалі, кіеўскія праваахоўнікі знойдуць:
“Яны дакладна трапілі на камеры відэаназірання ў метро, і мы ўказалі дакладны, да некалькіх хвілінаў, час здарэння. Да таго ж, украінскія назіральнікі з “ОЗОН” скінулі відэа, дзе бачныя твары некаторых з гэтых хлопцаў, і калі мы ўсе будзем упэўнены, што гэта яны, будзем спрабаваць перадаць відэа следчаму. Таксама “ОЗОН” падключыў да справы адваката. Так што, спадзяюся, справу не “спусцяць на тармазах” і іх знойдуць”.
Варта дадаць, што назіральнікі ініцыятывы #ControlBY прымалі ўдзел у маніторынгу “Маршу роўнасці” ў Кіеве па запрашэнні ўкраінскай групы назіральнікаў “ОЗОН”, якую каардынуе арганізацыя “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў”.