«Не, малады чалавек, не». Дзяніс Дудзінскі распавёў, чаму яго не ўзялі ў добраахвотнікі
Шоўмен Дзяніс Дудзінскі двойчы спрабаваў уступіць у добраахвотніцкія атрады ва Украіне. У інтэрв'ю беларускаму радыё, прызнанаму «экстрэміскім» ён расказаў, чаму не атрымалася запісацца.
«Двойчы я спрабаваў уступіць. Першы раз было ў Малдове (туды
Дудзінскі разам з жонкай эвакуяваўся з Украіны) — я звязаўся з
украінскім консульствам. І на сабе зразумеў, што такое эйджызм.
Дыялогі былі прыкладна такія.
Кажу: хачу ўступіць у добраахвотніцкі атрад. Адразу
абазначаю, што я беларус.
— Нічога страшнага, добраахвотніцкія атрады не маюць
нацыяльнасці, усіх вітаем, — адказваюць. — У якіх гарачых кропках, дзе вы
ваявалі?
— Не было ў маім жыцці ніякіх гарачых кропак.
— Ну нічога. У якіх войсках вы праходзілі тэрміновую службу?
— Не служыў.
— Добра. Хто вы па адукацыі?
— (у думках папраўляючы акуляры) Я выкладчык ангельскай і
італьянскай моў.
— Падумаем. Колькі вам год?
— 48.
І тут яны заўсёды ставяць кропку. «Малады чалавек, даруйце,
але не». Кажу: я магу снарады падносіць, перакладаць. «Не, малады чалавек, мы
не можам узяць на сябе такую адказнасць». Проста казалі: не можам узяць такі
баласт у выглядзе 48-гадовага мужчыны, які не служыў, не ваяваў, з праблемамі
са зрокам, які не ўмее кіраваць аўтамабілем.
І такая ж гісторыя была з маім сябрам-музыкам. Наш вядомы
беларускі джазавы музыка спрабаваў два разы прабіцца, яму прыкладна тое ж самае
казалі».
Пра батальён Каліноўскага Дзяніс не ведаў на той момант. А калі даведаўся, было ўжо позна — для паездкі ва Украіну ён зарэгістраваўся ў якасці рэпарцёра, цытуе шоўмена найстарэйшае беларускае выданне, прызнанае беларускімі ўладамі «эстрэмісцкім».