Літовец замовіў майку з літарай Z, яму даслалі іншую — са словамі пра рускі карабель
Жыхар Літвы замовіў майку з літарай Z на ўсе грудзі, але атрымаў іншую — з фразай пра расійскі вайсковы карабель, піша «Новая газета — Балтыя».
Літоўская крама кастомных футболак Marskineliai.lt атрымала заказ на майку з літарай Z ва ўсю грудзі. Работнікі крамы вырашылі не выконваць
заказ — замест гэтага кліенту выслалі майку з фразай аб рускім ваенным караблі.
Ягоныя кантакты перадалі «адказным службам».
Кампанія распавяла аб гэтым выпадку на сваёй старонцы ў
Facebook, і пост стаў вірусным. «Наш пост прайшоў па сацсетках, як
каронавірус па свеце. Але было б лепш, калі б мы маглі публічна назваць імя
заказчыка», — лічаць супрацоўнікі крамы.
Шакавальны Zаказ
— Калі мы ўбачылі заказ, мы былі ў шоку, — успамінаюць у краме. Спачатку работнікі не паверылі сваім вачам, убачыўшы электронны ліст з замовай.
У інтэрнэт-краме кожны можа стварыць сваю ўласную футболку,
і платформай у асноўным карыстаюцца літоўцы. «Улічваючы стаўленне літоўцаў
да Украіны, нашу падтрымку, як людзі згуртавана імкнуцца дапамагаць, нам было
цяжка паверыць, што замова рэальная», — прызнаюцца супрацоўнікі. Заказ
пераправерылі ва ўнутранай сістэме, і ён апынуўся рэальным.
«Першай ідэяй было праверыць фэйсбук кліента, і тут мы
здзівіліся значна больш. Інфармацыі было дастаткова, каб прыняць правільнае
рашэнне», — кажуць супрацоўнікі крамы. Уся каманда аднагалосна пастанавіла, што
не будзе рабіць такую футболку, а крама проста верне грошы.
«Але нешта грызла знутры, нельга проста так скончыць
гісторыю, трэба паказаць нашу цвёрдую пазіцыю, нашу падтрымку Украіне. У гэты
момант мы ўспомнілі герояў Украіны з выспы Змяіны і легендарную фразу,
адрасаваную вайсковаму караблю. Сумневаў больш не было: такую футболку мы яму
даставім і пажадаем шчаслівага плавання», — распавядаюць у
Marskineliai.lt
«Атрымліваем пагрозы ў чаце анлайн-крамы»
Супрацоўнікі крамы футболак хацелі б назваць імя і прозвішча заказчыка, каб ахвотныя маглі асудзіць яго за падтрымку расійскай агрэсіі. Але ў Літве ёсць нормы і правілы абароны даных, якія не дазваляюць гэтага зрабіць. «У любым выпадку, мы перадалі яго даныя адказным органам Літоўскай Рэспублікі і спадзяемся, што яны ведаюць, што рабіць», — кажуць у краме.
Кліент, які замовіў майку з сімвалам Z, не звязваўся з
крамай напрамую. Але Marskineliai.lt атрымалі адну зорку ў гугле ад
рускамоўнага акаўнта і мноства пагроз у чаце анлайн-крамы. Гэтыя скрыншоты
работнікі таксама збіраюцца адправіць у паліцыю.
«З маленькіх камянёў можна пабудаваць вялікую сцяну»
Анлайн-крама футболак і да гэтага выпадку падтрымлівала Украіну. На сайце яны стварылі спецыяльны раздзел з майкамі ў падтрымку Украіны. З кожнай замовы 5 еўра пералічваюць ініцыятыве Blue/ Yellow, якая аказвае дапамогу ўкраінцам.
«Свет цесны і можа абрынуцца ў адзін дзень, асабліва
калі ў нас ёсць такія людзі, як Пуцін. Не бізнес, а адзінства народа можа
перамагчы тое, што зараз адбываецца. Нам імпануе патрыятызм украінцаў, іх
гатоўнасць змагацца і не здавацца. Бачачы гэта, ніхто не застаецца абыякавым, і
мы лічым правільным наступнае выслоўе — той, хто звонку, не салдат», — тлумачаць у Marskineliai.lt.
Работнікі крамы дадаюць: «Мы — невялікая кампанія, але верым,
што з маленькіх камянёў можна пабудаваць вялікую сцяну, і наш уклад таксама
будзе падтрымкай для Украіны і яе людзей».
Напярэдадні ў Літве прапанавалі прыраўняць георгіеўскую
стужку і сімвал Z да нацысцкіх і камуністычных. Адпаведныя папраўкі да
адміністрацыйнага кодэксу зарэгістравалі дэпутаты Сейма Моніка Ашмянскене і
Лінас Ёнаўскас.
Прапануецца ўвесці штрафы ад 300 да 500 еўра за распаўсюд
такой сімволікі, за яе выкарыстанне на масавых мерапрыемствах і за яе
дэманстрацыю.