Невінаватыя. Лукашэнка і кампанія
Жэстачайшая крытыка беларускай рэчаіснасці нязвыкла льецца на нас з вуснаў чыноўнікаў. Проста-такі новы трэнд у беларускім істэблішменце - укусі беларускую эканоміку!
Прэм'ер Міхаіл Мясніковіч раптам занепакоіўся песімізмам ў вёсцы. Вось 20 гадоў усё было добра і цудоўна, а зараз раптам паглядзеў і выявіў, што там, аказваецца, зусім
нявесела і зусім не ружова.
Герой Беларусі Пётр Пракаповіч (я ўжо заблытаўся ў ягоных пасадах ), гледзячы ў вочы вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, раскрытыкаваў айчыннае машынабудаванне. Аказваецца, яно не
канкурэнтаздольна. Яшчэ ўчора нас паілі казкамі пра поспехі айчыннага вытворцы, пра тое, якое шчасце найшло на нас, таму што Беларусь захавала свае прадпрыемствы. А цяпер на табе! Прадаваць
беларускія трактары няма ніякай магчымасці. Бо раптам адкрылася ісціна - яны неканкурэнтназдольныя і нікому не патрэбныя.
Нават улюбёнец інтэлігенцыі, пасол РБ у Францыі Павел Латушка і той, выступаючы па ОНТ, не прамінуў штурхнуць айчынную прамысловасць - маўляў, тэхніка нічога не вартая ,
ламаецца нават на прэзентацыях. Сказаў г -н амбасадар і грэбліва так, па - парыжску, усміхнуўся.
Але што з Латушкі возьмеш, ён у нас даўно галоўны еўрапеец!
Адказ ляжыць на паверхні. Эканамічныя паказчыкі зноў пачынаюць набліжацца да небяспечнай рысы, за якой чарговы абвал... Выразнай праграмы па выхадзе з крызісу як не было, гэтак і няма дасюль.
Маўклівую, але ад таго не менш суровую народную незадаволенасць адчуваюць нават у Драздах. Адпаведна, на парадку дня востра стаіць пытанне: «Хто вінаваты?» І з улікам
сур'ёзнасці сітуацыі зразумела, што банальнай адстаўкай справа гэтым разам можа і не абмежавацца. Узбуджэнне крымінальнай справы па факце правалу мадэрнізацыі «Віцебскдрэва»
даказвае - паляванне на стрэлачнікаў пачалося.
Такім чынам, хто ж вінаваты?
Калі цар ні пры чым, тады попыт з баяраў.
Сам Аляксандр Рыгоравіч ўжо даўно і планамерна забівае ў масавую свядомасць, што народу жывецца хрэнова выключна па іх віне. Вось толькі быць ахвярным ягнём на алтары ўсебеларускай
стабільнасці ніхто з шматлікай світы ППРБ быць не хоча. Пацярпець, калі вярхоўны галоўнакамандуючы прапясочвае на ўсю краіну, - гэта адно, а вось на нары загрымець - гэта ўжо зусім іншая
драматургія...
І тут пачынаецца цырк. Лукашэнка ківае на прэм'ера, той на міністра, гэты на губернатараў, тыя, у сваю чаргу, на адказных за збыт прадукцыі ... І ўсе як адзін: «Не вінаватая я,
ён сам прыйшоў». Без сарказму на гэта глядзець немагчыма.
На самой справе без розніцы, каго прызначаць стрэлачнікам. На хранічна «невінаватую» уладу ў краіне, дзе прозвішча старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі вось ужо шмат гадоў
з'яўляецца сімвалам «сумленнасці і транспарэнтнасці», гэта ніяк не паўплывае.
Анджэй Пачобут, Хартыя'97