Новы генплан Мінска цяпер даступны ў інтэрнэце
Грамадскае абмеркаванне новага генплана Мінска адбывалася ўвосень 2015 году і выклікала вялікую цікавасць жыхароў сталіцы, якія актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях. Але да верасня 2016 году не было ніякай значнай інфармацыі ні пра тое, калі Генплан Мінска будзе зацверджаны, ні пра тое, што ў выніку грамадскага абмеркавання ў ім змянілася. Цяпер гарадскія ўлады выклалі новы генплан у інтэрнэт і азнаёміцца з ім можа кожны.
«Дагэтуль у нас была досыць ірацыянальная сітуацыя, — адзначае каардынатар кампаніі «Генплан – для мінчан!» Дзяніс Кобрусеў. — У Мінску працягваліся абмеркаванні горадабудаўнічых праектаў ніжэйшага ўзроўню, якія абапіраліся на новыя нормы, а жыхары не маглі канструктыўна ўдзельнічаць у іх, бо былі пазбаўлены неабходнай інфармацыі. Жыхары гораду, грамадскія арганізацыі дасылалі запыты і звароты ў дзяржорганы, і нават стваралі петыцыі аб абнародаванні дакумента і гэта нарэшце дало плён».
Публікацыя зацверджанага Генплана Мінска дае магчымасць жыхарам горада нарэшце паглядзець, як будзе развівацца іх горад і які лёс чакае іх мікрараёны.
«З’яўленне ў вольным доступе рэгламентаў генплана дасць магчымасць больш эфектыўна ўдзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях па развіцці тэрыторый, — лічыць эксперт. — Гэта дазволіць аналізаваць прадстаўленыя праекты дэтальнага планавання не толькі з пункту гледжання інтарэсаў жыхароў, але і спраўджваць адпаведнасць дэтальных планаў нормам і палажэнням Генплана Мінска».