Пляцоўка ярмаркі падзелена на некалькі зон. На тэрыторыі фуд-кортаў можна пакаштаваць сушы, піццу, сэндвічы і ход-догі, у складзе якіх няма прадуктаў жывёльнага паходжання, а некаторыя нават без тэрмальнай апрацоўцы адмыслова для сыраедаў. Аматары грузінскай ежы знойдуць хачапуры і чурчхелу. Яшчэ тут можна набыць пакуль не вельмі распаўсюджаныя ў нас арахісавае масла, прароскі і жывы алей. А вось алкагольныя напоі не прадаюцца.
Апроч смачных і незвычайных страваў наведвальнікі могуць сем'ямі ці ў кампаніі сяброў правесці час у зоне гульняў і пайграцца ў настолкі ці відэагульні. Прадугледжана спецыяльная тэрыторыя і для зусім маленькіх дзетак. Апроч усяго гэтага на эка-маркеце працуе невялікая трэнажорная зала з майстар-класам па ёзе і фітнэсу.
Яшчэ адно важнае месца эка-маркету — б’юці-зона, дзе размясціліся гандляры адзеннем, арганічнай касметыкай і аксесуарамі. Ахвотныя могуць прыняць удзел у трэнінгах па стварэнні парфюму ў хатніх умовах і догляду за целам.
Спяшайцеся: «Пастарнак» будзе працаваць да 19:00 16 красавіка. Уваход: 2 рублі. А 20% ад выручкі пойдзе на дабрачыннасць.