Яшчэ адзін раварыст пабіўся з мінакамі: яго шукае міліцыя
Міліцыя шукае веласіпедыста, які ўступіў у канфлікт з пешаходамі — сямейнай парай. Агрэсар некалькі разоў ударыў мужчыну-пешахода па твары, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Інцыдэнт адбыўся 12 верасня. Каля 18:10 шлюбная пара выходзіла з падземнага пераходу станцыі метро «Парк ім. Чалюскінцаў». Раварыст прад'явіў ім прэтэнзіі з нагоды таго, што яны не глядзяць па баках. Пасля слоўнай сваркі ён нанёс мужчыне-пешаходу некалькі удараў па твары.
Прыкметы падазронага: на выгляд 30-35 гадоў, шчыльнага целаскладу. Быў апрануты ў бейсболку чорнага колеру, чырвоную цішотку, шорты чорнага колеру. Рухаўся на ровары «STELS» блакітнага колеру.
Міліцыя просіць усіх тых, каму што-небудзь вядома пра адлюстраванага на здымку мужчыну альбо падзеі, што адбыліся, звярнуцца ў Першамайскі РУУС Мінска асабіста або па тэлефонах: 8-029-668-99-92, 8-017-285-74-12. Канфідэнцыйнасць гарантаваная.
Нагадаем, гэтым летам раварыст Анатоль Грынкевіч на веласцяжынцы ўдарыў па галаве бітай пешахода Васіля Дземідовіча. Пацярпелага з месца здарэння павезлі на хуткай. У верасні справа раварыста разбіраў суд, прысуд — пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Грынкевіч падаў апеляцыю. Яе разгледзіць Мінгарсуд 11 лістапада
Паводле naviny.by