Пачалася падрыхтоўка «Дня Волі 2019»

За 100 дзён да 101-й гадавіны абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі арганізатары #БНР100 распачалі падрыхтоўку да адзначэння «Дня Волі 2019» пад агульным лозунгам «Жыве Незалежная Беларусь!»

2018_03_26_04.57.43_1_logo_1.jpg

Арганізатары перакананы, што пачынаць працаваць трэба ўжо цяпер, каб прыгожа скончыць #БНР100 і ўвайсці ў Новы Год з канкрэтнымі мэтамі.
Пакуль арганізатары не могуць анансаваць пляцоўкі, на якіх адбуцца асноўныя мерапрыемствы на «Дзень Волі 2019», але абяцаюць аператыўна дзяліцца ўсімі важнымі навінамі.
Уся падрыхтоўчая праца адбываецца на валанцёрскіх пачатках сіламі арганізатараў #БНР100 без ніякай знешняй падтрымкі. «Нам хочацца працягнуць добры прыклад кампаніі да 100-годдзя БНР і арганізаваць «Дзень Волі 2019» за грошы, якія беларусы ахвяраюць у межах публічнай краўдфандынгавай кампаніі», — адзначаюць арганізатары.
Досвед мінулых гадоў паказвае, што канчатковы фармат мерапрыемства стане зразумелы толькі ў лютым-сакавіку, бо на гэта ўплываюць шматлікія знешнія і ўнутраныя фактары, але падрыхтоўчыя працы трэба пачынаць загадзя, каб быць гатовымі да любых сцэнароў.
«Мы ўжо праводзім перамовы на розных узроўнях, спрабуем выбраць і зарэзерваваць пад «Дзень Волі 2019» разнастайныя пляцоўкі. Таксама распрацоўваецца фірмовы стыль, рыхтуецца паліграфічная прадукцыя, інфармацыйны сайт і шмат-шмат іншага. Таму сродкі на дзейнасць патрэбны ўжо сёння, каб спланаваць, падрыхтаваць і правесці ўсе акцыі і мерапрыемствы на высокім узроўні», — распавядаюць актывісты кампаніі.
Яны абяцаюць, што ўсе, хто падтрымае гэты праект, будуць першымі асабіста запрошаныя на агульны «Дзень Волі». Ці гэта будзе некалькі невялікіх клубаў, ці адзін вялікі, ці канцэртная зала, ці стадыён, ці цэнтральная плошча Мінска — мерапрыемства адбудзецца ў любым выпадку 24 сакавіка 2019 года.
У 2019 годзе на правядзенне асноўных мерапрыемстваў будзе ажно два дні: асноўныя вялікія падзеі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі мяркуюць правесці ў выходны дзень 24 сакавіка, а 25 сакавіка кожны зможа выбраць асабісты сцэнар святкавання «Дня Волі».
Падтрымаць кампанію можна адным са зручных спосабаў:
Пералічыць на карту

MasterCard 5442 0645 3462 0290, тэрмін дзеяння 05/21.
Праз сайт МТБанк ці праз сайт БГПБ.
Паводле bnr.by