Палітзняволеная Рэгіна Лавор абвясціла за кратамі галадоўку
2 лютага Рэгіна Лавор атрымала 10 сутак зняволення за парушэнне рэжыму адбыцця «хатняй хіміі», паведамляюць праваабаронцы.

Стваральніцу і першую дырэктарку Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор за парушэнне рэжыму адбыцця "хатняй хіміі" пакаралі 10 сутак зняволення. За кратама жанчына абвясціла галадоўку.
Нагадаем, у верасні мінулага года Рэгіну прызналі вінаватай у абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара і асудзілі на два гады «хатняй хіміі».
На «хатняй хіміі» Рэгіна Лавор знаходзіцца з 1 снежня. Па словах жанчыны, супрацоўнікі правяраюць выкананне «хатняга рэжыму» часта. Па яе падліках, з 1 снежня па 1 студзеня да яе прыйшлі з праверкай 23 разы.

«Бывае, што пяць-шэсць разоў на тыдзень [прыходзяць з праверкай], у пятніцу-нядзелю правяраюць кожны раз. Бывае, што некалькі разоў за вечар прыходзяць. Прыязджаюць і ўночы, але толькі супрацоўнікі Іўеўскага РАУС. Бо звычайна з праверкамі прыязджаюць супрацоўнікі Дэпартаменту аховы. Яны просяць прабачэння.
Адзін раз супрацоўнік Іўеўскага РАУС у гадзіну ночы вазіў мяне на медыцынскі агляд на наяўнасць у крыві алкаголю. Паказала нуль праміле. Шукаюць матывы, каб паздзекавацца і даць парушэнне», — распавядала Рэгіна.
Рэгіна Лавор была не згодная з пакараннем і пісала скаргі ў пракуратуру і Гродзенскае упраўленне ўнутраных справаў. «Думаю, што ціснуць на мяне, таму што не здаюся... Хочуць, каб я знікла, забілася ў куток. Для таго, каб я змаўчала, ім трэба будзе мяне забіць. Мне пяцьдзесят гадоў і нішто і ніхто не паўплывае на маю пазіцыю», — распавядала спадарыня Рэгіна журналістам.