Першы скандал паўмарафона: «пераможца» дыстанцыі на 10,5 вельмі хітра змахляваў
Жыхар горада Асіповічы «зрэзаў» адну з дыстанцый Мінскага паўмарафона, з-за чаго па памылцы быў абвешчаны пераможцам.
Мінскі паўмарафон праходзіць у сталіцы ўжо трэці раз. Прабегчы па цэнтральных вуліцах Мінска ў гонар Дня горада вырашылі каля 30 тысяч чалавек.
Ужо праз паўгадзіны пасля старту адной з дыстанцый - у 10,5 кіламетраў - пераможцам быў абвешчаны жыхар Асіповічаў. Аднак неўзабаве арганізатары абвясцілі, што мужчына павёў сябе не па-спартоваму і «зрэзаў» дыстанцыю.
Да таго, як стала вядома, што мужчына падмануў арганізатараў, ён паспеў павіншаваць у мікрафон сталіцу з 950-годдзем і пажадаў «Асіповічам таксама не хварэць». Калі б ён сапраўды так хутка бег, яго хуткасць павінна была б складаць больш за 21 кіламетры ў гадзіну.
Ужо вядома і імя найлепшага бегуна на дыстанцыі 5,5 кіламетра. Ім аказаўся Максім Юшчанка, які справіўся з дыстанцыяй за 16 хвілін 39 секунд. Яго і іншых пераможцаў Мінскага паўмарафон чакаюць каштоўныя прызы.
Паводле «Нашай Нівы»