Польскія і літоўскія памежнікі за суткі не пусцілі ў краіну 680 мігрантаў

Мігранты працягваюць спробы незаконна трапіць у Еўрасаюз з Беларусі праз Польшчу і Літву. Памежныя службы дзвюх краін паведамілі апошнія даныя.

bezhency_polsha_granica_05.jpg


Супрацоўнікі памежнай службы Польшчы затрымалі 29 мігрантаў: 23 іракцаў, 3 іранцаў, 2 ангольцаў і грамадзяніна Конга. Таксама былі затрыманыя 5 замежнікаў, якія аказвалі дапамогу ў перасячэнні мяжы, з іх 2 украінцаў, 2 сірыйцаў і грамадзянін Малдовы. Усяго на беларуска-польскай мяжы ў першы дзень кастрычніка зафіксавалі 601 спробу незаконнага пераходу.
Уначы з пятніцы на суботу літоўскія памежнікі не пусцілі ў краіну 84 мігрантаў, якія хацелі перайсці мяжу ў несанкцыянаваных месцах. Паводле звестак памежных служб Літвы, у чацвер іх было 93, у сераду — 54, у аўторак — 63, у панядзелак — 17, паведамляе Delfi.lt.
У пятніцу мігранты выправіліся з Беларусі ў Ігналінскі, Шальчынінкайскі, Аранскі і Лаздзіяйскі раёны Літвы. Як і ў папярэднія дні, большасць мігрантаў — 69, — спрабавалі трапіць у Заходнюю Еўропу. У Літву іх не пусцілі.
На працягу дня з беларускага боку, у Лаздзіяйскім раёне, былі чутныя адзінкавыя стрэлы. Каля муніцыпалітэта Друскінінкай, на беларускім баку, таксама былі чутныя стрэлы. Мяркуецца, што стралялі на палігоне ў Беларусі.