Праваабаронцы «Платформ іннавэйшн» атрымалі доступ у турмы

Супрацоўнікі праваабарончай культурна-асветніцкай установы «Платформ іннавэйшн», якая на працягу трох гадоў займаецца абаронай правоў зняволеных, атрымалі доступ ва ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы Беларусі.



platform.png

Як паведаміла БелаПАН дырэктар арганізацыі Алена Красоўская-Каспяровіч, на гэтым тыдні праваабаронцы атрымалі адказ з дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) Міністэрства ўнутраных спраў за подпісам першага намесніка начальніка дэпартамента Сяргея Працэнкі. У ім гаворыцца, што ДВП прыняў «рашэнне аб прадастаўленні права наведвання устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь супрацоўнікам ЧКПУ«Платформ іннавэйшн».

У гэтым дакуменце прысутнічае агаворка: дату наведвання і спіс супрацоўнікаў, якія выкажуць жаданне прайсці ў пенітэцыярныя ўстановы, «неабходна ўзгадняць з дэпартаментам выканання пакаранняў».

«Платформ іннавэйшн» з’яўляецца адзінай праваабарончай арганізацыяй, якая атрымала магчымасць наведваць установы крымінальна-выканаўчай сістэмы.

«Але тут трэба казаць не пра перспектывы, якія цяпер адкрываюцца перадт намі, а пра перспектывы ў вырашэнні праблем пенітэнцыярнай сістэмы краіны, — падкрэсліла дырэктар арганізацыі. — Бо адсутнасць доступу ў пенітэцыярныя ўстановы не давала магчымасці рэальна ацаніць абстаноўку ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі і, адпаведна, прадстаўляць шляхі і магчымасці вырашэння існуючых праблем».

Адказваючы на пытанне, не ці баяцца праваабаронцы, што патрабаванне ДВП ўзгадняць з імі наведвальнікаў і час наведвання стане перашкодай у доступе да зняволеных, Красоўская-Каспяровіч сказала, што гэта, «хутчэй, фармальнасць». «Бо мы прыедзем у рэжымную ўстанову, увайсці ў якую без пэўных аформленых дакументаў немагчыма. Таму такая інфармацыя патрэбна для таго, каб аформіць патрэбныя дакументы», — патлумачыла яна.

Красоўская-Каспяровіч не выключыла, што супрацоўнікі арганізацыі скарыстаюцца гэтай магчымасцю, каб наведаць свайго былога дырэктара Андрэя Бандарэнку.

12 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Менску прызначыў экс-дырэктару «Платформ іннавэйшн» Андрэю Бандарэнку пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але за кошт амністыі тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. 41-гадовы Бандарэнка прызнаны вінаватым у здзяйсненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (часткі 1, 2 і 3 артыкула 339 КК).