Прэзідэнт ПАСЕ ўпэўнены, што цяжкая праца беларускіх праваабаронцаў не будзе марнай

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Ан Брасэр падчас сустрэчы з вядомым беларускім праваабаронцам, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесем Бяляцкім
запэўніла яго ў поўнай падтрымцы з боку ПАСЕ працы праваабаронцаў у Беларусі.



Ан Брасэр


Як паведамляе сайт праваабаронцаў spring96.org, на сустрэчы, якая адбылася 2 ліпеня ў Страсбургу, Бяляцкі быў у суправаджэнні сваіх калег — прэзідэнта FIDH Карыма Лахіжы і кіраўніка аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Сашы Кулаева.


Ан Брасэр выкарыстала гэтую магчымасць, каб асабіста, ад імя асамблеі, павіншаваць Бяляцкага з прысуджэннем першай прэміі Вацлава Гавала ў галіне правоў чалавека. Прэмія была прысуджана ПАСЕ праваабаронцу ў верасні 2013 года, але лаўрэат, які знаходзіўся ў зняволенні з 2011 года, не змог прысутнічаць на цырымоніі ўручэння.


Прэзідэнт ПАСЕ абмеркавала з праваабаронцам сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і ролю асамблеі ў яе паляпшэнні. "Спадар Бяляцкі з'яўляецца для нас сімвалам непарушнай прыхільнасці правам чалавека. Шчыра вітаючы яго вызваленне з турмы 21 чэрвеня, я ўражаная яго моцным жаданнем працягваць сваю вельмі каштоўную працу ў галіне правоў чалавека і супрацоўніцтва з асамблеяй і Саветам Еўропы", — сказала Брасэр.


"Я хачу выказаць нашу поўную падтрымку працы ўсіх праваабаронцаў у Беларусі, якія вымушаныя змагацца за нашы агульныя каштоўнасці ў вельмі цяжкіх умовах. Я ўпэўнена, што гэтая цяжкая праца не будзе марнай, і я спадзяюся, што з іх дапамогай Беларусь хутка стане сапраўды дэмакратычнай дзяржавай, якая паважае вяршэнства закону і стандарты Савета Еўропы ў галіне правоў чалавека", — адзначыла прэзідэнт ПАСЕ.


2 ліпеня ў Страсбургу ў былога палітзняволенага і яго калег з FIDH адбылося яшчэ некалькі сустрэч на вышэйшым узроўні, у прыватнасці з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента Марцінам Шульцам і еўрапейскім камісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле.


Алесь Бяляцкі таксама даў прэс-канферэнцыю ў Еўрапарламенце і інтэрв'ю EUobserver — незалежнаму інтэрнэт-выданню, якое асвятляе палітычныя падзеі ў Еўрасаюзе, а таксама актуальныя тэмы, звязаныя з правамі чалавека, праблемамі дэмакратызацыі ў ЕС.
 
 
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: