Тамара Сяргей: чарговы выклік у Генпракуратуру — сродак запужвання

8 ліпеня праваабаронцу Тамару Сяргей у чарговы раз выклікалі ў Генеральную пракуратуру да намесніка начальніка аддзелу за выконваннем правоў і свабодаў грамадзянаў Паўла Елісеева.



zhanchini_sjargej_gp_8_7_14_logo.jpg

Тамара Сяргей

Ён пацікавіўся, ці зарэгістравалася Грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, а таксама тым, у якія дзяржаўныя структуры апошнім часам звярталіся сябры ініцыятывы. Затым Павел Елісееў нагадаў, што 23 красавіка мінулага году Генпракуратуратура вынесла Тамары Сяргей афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці згодна артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання.

Праваабаронца перадала Паўлу Елісееву свае пісьмовыя тлумачэнні і адмовілася падпісваць пратакол размовы. У сваіх пісьмовых тлумачэннях Тамара Сяргей, між іншым, звярнула ўвагу на тое, што права звяртацца да чыноўніцтва, у тым ліку калектыўна, забяспечана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронца нагадала, што згодна артыкулу 58 асноўнага закону краіны, ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Жанчына падкрэсліла, што, згодна артыкулу 59 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных асноўным законам краіны; дзяржаўныя органы і чынавенства абавязаны прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў асобы, а таксама нясуць адказнасць за дзеянні, які парушаюць гэтыя правы і свабоды.  

Тамара Сяргей лічыць чарговы выклік у Генпракуратуру актам запужвання, які павінен прымусіць яе адмовіцца ад сваіх канстытуцыйных правоў і свабодаў. Такім чынам, Генпракуратура, якая павінна забяспечваць выкананне заканадаўства,  выкарыстоўваецца дзяржавай для запалохвання грамадзянаў, зазначыла Тамара Сяргей.